Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна злосна скрывіла міну, сашчапіла кулакі і намерылася кінуцца на хлопчыка, зрабіўшы ад вакна некалькі крокаў[1].

Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга, аслабны, але, ня могшы папрасіць у мацеры есьці, ён пайшоў да возу; усеўся на мяшку з саломаю.

— Янка, Яначка! — радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе: — Вазьмі й мяне з сабою. я хочу пад’ехаць — я так доўга не катаўся. Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам[2] і ня слухаў, што так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам ня кінуў на яго, калі прыкрыўджаны Хведерка адышоў ад возу, сеў на прызьбе і набочыўся. Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасьля — адвязаў каля і намерыўся ехаць.

— Бывай здарова, Палута! — сказаў Сідар да Палуты і паківаў галавою.

— Бывайце здаровы, ягомасьць Сідар! — дабрадушна адказала Палута і сьледам дабавіла: — вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце[3] добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта: што з ім цырымоніі разводзіць!..

Сідар засьмяяўся і пагнаў каня.

— Што-ж, Янка, засмуціўся? Баішся ехаць? Кінь нудзіцца! — абярнуўся ён да Янкі.

Янка маўчаў. Гурток цікавых дзетак, якія сабраліся вакол возу, а цяпер русступіліся і глядзелі, як той аддаляўся, крычалі ўсьлед Янку розныя выказы: „Вярніся, Янка, прывязі яблык, як пасьпеюць“. У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка. Палута-ж, толькі Сідар пагнаў каня, пакінула надворак і вярнулася ў хату. Усё, што здарылася з яе сынком — мэрам і ня было — адышло на задні плян. Удачлівы заработак і чародныя клапоты жыцьця нахлынулі ёй у голаў і запаланілі яе. І толькі, спусьціўшы якую гадзіну — ужо пасьпеўшы натупацца, зьбегаць на рынак і вярнуцца назад, Палута выпадкова абярнулася думкамі да Янкі абярнулася і тут-жа ўспомніла што яна нічога не дала яму есьці. Палуту ахапіла мацерына пачуцьцё спагады да свайго дзіцяці, і яна тужліва прамовіла сабе:

— Ах, надзіва, наліха мне! Я-ж і перакусіць яму нічога не дала! Можа і сам ён нічога ня браў? Пэўна, што не! Пэўна, што галодным паехаў, небарака, бо што-ж ён мог знайсьці? Ах, і прыгнала яго нядобрае, гэтага заразу Сідара!…

Прайшоў цэлы тыдзень пасьля гэтага. Была нядзеля. Палута, заклапочаная штоднёвым жыцьцём і яго вымаганьнямі, ні разу і ня ўспомніла пра Янку: ня бачыла перад сабою, і здавалася ёй, што малы спакойліва і памяркоўна нясе сваю службу. Але у нядзелю зранку, зусім зьнянацку, штосьць нейкае перавяло Палуціну думку на Янку: „А маладзец сынок! Бадай прыладзіўся і цяпер паслухмяна выпаўняе службу. Ня пашкодзіла, нябось што ўшчунула[4] добра“. І толькі Палута выпусьціла гэту думку, як знадворку данёсься ў хату знаёмы голас:

— Палута-а! Палутка-а-а!

  1. Полён. — шагоў.
  2. Нібы.
  3. Наглядайце, — спраўляйце, карайце.
  4. Пасварылася, пакарала.