Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было, як спуджана паморгвалі яго прыплюшчаныя вочкі. — „Ці ты чуеш, ці не?“ — гучней і зьлей гукнула Палута на сынка і штырхнула яго рукою ў бачок. Янка раптам узварухнуўся, выпрастаўся і мігам падняўся. — „Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я зьбег ад пана Замыжнага. Вельмі ўжо там з мяне зьдзекаваліся: не кармілі зусім, білі, папіхалі, спаць не давалі. Я ня мог сьцярпець і… зьбег. Ня біце, матачка-а… Не магу я служыць у Замыжнага, ні зашто не магу і… ня буду“.

— Брэшаш, распусьнік!

— Не, мамачка, дальбог не, — стукнуўшы кулачком у грудзі, пакляўся Янка. Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненьне[1], і яна вымовіла да сынка:

— А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідера, чакай…

— Не, нікаліва ня хлушу, ні беднага… Папытайце сабе ў дзядзькі Сідара… — умольна гледзячы Палуце ў вочы, апраўдаўся Янка.

Але не пасьпеў ён дагаварыць свайго апраўданьня, як пачуўся стук у вакно, а за ім і голас знадворку.

— Палута! Палута-а, га?

Палута кінула Янку, баржджэй пабегла да вакна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага.

— Ага-а! Сіда-ар! Чаго-ж гэта вы? — запытала яна Сідара, прачыняючы вакно. Сідар усьмяхнуўся і адказаў: — Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася… Гэта-ж…

— А што? — не дагадваючыся ў чым рэч, перабіла Сідара Палута…

— Ды, простая рэч, за хлопцам[2] прыехаў. Узяў учора ноччу і зьбег. Кінуў-рынуў у полі стада[3], а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі учыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт[4] здратавалі з дзесяціну поплаву[5]. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны[6] хлапец, што ня дай ты рады. Пэўна, заснуў у пасецы, выпусьціў з ваччу стада і з пярэпалаху ўцёк да хаты… Напэўна-ж, я думаю, ён у цябе ў дому?

Сідаравы словы ня былі наўдою для Палуты: яна зразу, толькі-што ўгледзела ў хаце Янку, думала гэта. Да кляцьбы і запэўненьня свайго сынка, чым ён апраўдаваў свой зьбег са службы, — Палута адняслася з поўнаю няўвагаю. Нават і думкі не дапускала, што яе сынок клянецца ёй і яе запэўняе зусім шчыра. Чамусьці яна верыла словам аканома Сідара. Толькі ён скончыў запытаньні, як Палута адвярнулася да запечку, дзе насуплена стаяў Янка, і злосна прыкрыкнула на яго:

— Ці ты чуеш, адшчэпенец, што дзядзька кажа? Каб цябе паралюш[7] задушыў! Ну-ж я табе пакажу, зараза.

— Ша, ша! — перапыніў Палуту Сідар: — крычаць — то ўжо ты ня крычы на яго… Падобраму, лепш так не рабіць…

— Го! не! Я-а яму пака-ажу-у! Эх, эх! І што мне рабіць з гэтым разбойнікам… сьветам круціць, на яго ліха…

  1. Сумляваньне.
  2. Зварот расейскі — „па хлопца“.
  3. Статак.
  4. Полён. — дарэшты, зусім.
  5. Лугу ля пляцоў, заплаўнога.
  6. Той, што мудруе.
  7. Хвароба, калі чалавек нібы адзеравянее.