Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

В. ПРАЛЕТАРСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ.

Як сялянскія пісьменьнікі адбіваюць жыцьцё вёскі, стаяць на чале сьвядомай часткі сялян, гэтак сама пралетарскія пісьменьнікі адбіваюць жыцьцё працаўнікоў места, пралетараў.

У вапошнія часы пралетарыят на ўсім сьвеце пачынае здабываць усё большыя й большыя ўплывы на грамадзкае жыцьцё і паволі становіцца на чале яго. Гэта найболей арганізаваная і разьвітая частка працоўнай грамады.

Літэратура, як адбітак жыцьця, не марудзіць астацца ззаду. Праз зламаньне сваей даўнейшай ідэалёгіі, праз дэкадэнцтва, сымболізм, футурызм і іншыя літэратурныя формы заняпаду раней домінуючых групаў грамадзянства, — яна пераходзіць на новыя каляіны, адказваючыя ў большай меры, як формай, гэтак і зьместам, імкненьню новае перадавое клясы грамадзянства. Найлепшыя літэратурныя сілы ўсіх народаў аддаюць свае таленты таксама і новай клясе (Анатоль Франс, Гартман, Сінклер; Уат, раней Золя і інш.).

На Беларусі пралетарыят не пасьпеў разьвіцца, як сьлед. Дзякуючы цэнтралістычнай палітыцы былое царскае ўлады, тут не змаглі разьвіцца буйныя прамысловыя цэнтры, і амаль увесь надбытак насяленьня Беларусі мусіў адплываць за межы яе. Пецярбург (цяпер Ленінград), Адэса, Рыга, Паўночная Амэрыка — вось тыя месцы, куды адыходзіў наш працоўны народ, шукаючы лепшае долі. Па сваіх местах заставалася вельмі нязначная частка працаўнікоў, найболей рамесьнікаў.

Як слабое пралетарскае жыцьцё — гэтак і невялікая пралетарская літэратура на Беларусі. Яна ня можа нават ісьці і ў прыраўнаньне з літэратураю сялянскаю. Аднак-жа агульны рытм сусьветнага жыцьця ня мог не зачапіць і нашае краіны, не магло не адбіцца гэта і ў літэратуры. Амаль у кожнага сялянскага пісьменьніка знойдзем і творы з зьместам пралетарскім (Гарун — „Муляру“, Чарнышэвіч — „Каваль“ і інш.). Але нашаніўская пара выставіла і талянавітага песьняра чыста пралетарскага. Пясьняр гэты — Цішка Гартны.