Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня плача, не прычытае над родным дзецем сваім. Глядзіць толькі на твар змарлага[1], на маленькі тварык свайго сына, — пасінеўшы і пакрыты жаўцізнаю. І здаецца яму, што гэта не пакойнік, а яго, Сымонаў, твар, воблік яго душы, яго мізэрнага чалавечага „я“, раскрыжованага пакутаю жыцьця.

Страшны крык болю вырастае ў сэрды Сымона — рвецца на двор, але, здушаны горам, канае ў сударгах на дне яго душы. Рука божага гневу павісла над Сымонам і парвала, паблутала шэрыя ніці яго жыцьця…

— „За што?!“ — крычыць яго сэрца, і словы праклёнаў небу гараць у распламянёных агнём цярпеньня грудзях.

— „Вялікае гора маё, вялікае! Божа, божа!“ — шэпчуць пакорна вусны, а ў вочах загараецца страшная злосьць уміраючага ад ран дзікага зьвера і пахлынае ў сабе пакорлівасьць і бязвольную анямеласьць.

— „Вялікае гора! Вялікая крыўда!.. Крыўда!“ — крычыць і задыхаецца злосьць. Вусны просяць благаньня,[2] а праклёны рвуць душу і даўлюць[3] горла.

Як завіруха ў зімнюю поўнач, вые, плача і б’ецца Сымоніха. Шапоціць бабула сваю малітву; як капля са стрэхі ў дажджлівы дзень, падаюць у ціш адны і тыя-ж словы, і, як уваскросшыя бяспрытульныя душы, блудзяць у старой скрыўленай хаціне. Царкоўны дзед выгнявіць[4] і туга цягне словы з псалтыру, нібы яны там прырасьлі. І здаецца, няма гэтаму сьвету, што адклікаецца ўжо магілаю, ні пачатку, ні канца.

IV.

Заскрыпела закрутка ў вушаку[5]; заенчылі дзьверы і са скрыпам адчыніліся. У хату ўвайшоў тоўсты, з тлустым, адутлаватым, тупым тварам поп, а за ім худы, рыжы, жаўжакаваты дзяк. Увайшоўшы, поп стаў адзяваць рызу. Дзяк запаліў сернік і, скоса паглядаючы то на сядзячага і нярухомага гаспадара, то на папа, пачаў старанна распальваць у лятарні сьвечку. Царкоўны дзед змоўк, пераксьціўся, спаважна пацалаваў псалтыр, ды, згарнуўшы яго, засунуў за пазуху; потым падышоў з крыжам да дзьвярэй і, як салдат на варце, стаў з ім, выцягнуўшыся ў струнку.

— „Бяры дамавіну!“[6] — зьвярнуўся поп да гаспадара і, з аддышкай запяяўшы, пайшоў на двор. Наперад яму забягаючы, пасьпяшыў і дзячок з лятарняй.

Пайшлі… Уперадзе йшоў з крыжам дзед і сваімі салдацкімі чабатамі[7] адважна мерыў у цемнаце лужыны вуліцы. Хрыпатым, адрывістым, глухім голасам падцягаў ён за дзяком словы сьвятой песьні; часта прарываў і моцна кашляў. За ім йшоў дзяк і, тонкім кабечым голасам сьпяваючы, услужліва асьвячаў дарогу папу.

Ззаду за ўсімі, акружаны змрокам, ішоў Сымон і нёс на плячы дамавіну з сынам.

За імі у цемры ночы асталася крывая хаціна, што глядзела ўсьлед ім сваімі малымі прысьлепаватымі ваконцамі, а на парозе яе,

  1. Полён. — памёршага.
  2. Пакорлівай просьбы.
  3. Лепей — душаць.
  4. Коўтае словы, шапеча.
  5. Стаўбы ў дзьверах.
  6. Труну, гроб.
  7. Ботамі.