Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Спытаўшы аб цане бутэлькі кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькі ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылічыць і ад зьдзіўленьня аж стукнуў рукою па стале.

— Маладзец!

Ну, а ці зробіш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў:

— Два рублі і тры з чверцю капейкі.

Пісар паглядзеў.

— Гэта ваша навука так лічыць, а мы, людзі — практыкі, робім крыху йначай: замест драбніц лічым цэлую капейку. Вот табе і будзе залажыць банчок[1].

Крыху памаўчаўшы, пісар зноў сказаў.

— Навука — рэч някепская, ды толькі для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну, што з таго, што наш земскі, каб далёка не хадзіць, вучоны? А прыедзе ў воласьць і за кожным глупствам ідзе да пісара. А пісар усё ведае, хоць ён у гімназіях ня вучыўся і экзамінаў вялікіх не здаваў.

— Лайдацтва йдзе ад гэтай навукі! — стукнуў вураднік кулаком па стале. — Ось, дай ты мужыком навуку, і жыць на сьвеце нельга будзе. З чаго пайшлі гэтыя забастоўкі, дэмакраты?[2] Усё ад навукі!

Тут вураднік расказаў, як у сяло прышоў забастоўшчык

— Хто ты? — пытаюць яго.

— Дэмакрат.

— А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! — і вураднік, сказаўшы гэта, адзін зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п’яны і пачаў прыставаць да маладзіц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на іголках: спрачацца было нягожа: як-ніяк, а гэта былі яго госьці, і маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. І ён пускаў між вушэй п’яныя гутаркі дзікіх людзей, якія лічылі сябе інтэлігэнтамі.

Горш за ўсіх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кінуць гэту кампанію, ды ён не хацеў сароміць бацькі і мусіў сядзець сярод гэтых чужых і нямілых яму людзей.

А госьці пілі, елі й п’янелі, і іх языкі, як сарваўшыся з прывязі сабакі, пачалі малоць усякія глупствы. А як вураднік пачаў выкідаць свае штукі, хлопец ня стрымаўся і, адвярнуўшыся да маткі, у паўголася сказаў:

— Каб паноў-гасьцей пасадзіць у клетку ды павезьці.....

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

— Каго? нас у клетку? — спытаў пісар, што меў вельмі чуткія вушы і чуў гутарку Пятруся. — Што-ж мы, патвоему, зьвяры ці што?

У гутарку ўмяшаўся вураднік.

— Вот! я й казаў, якая з навукі карысьць! Але што з цябе возьмеш, калі ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў-бы табе па мордзе.

  1. Банк пры гульні ў карты.
  2. Дэмакраты — людзі, якія стараюцца, каб у гаспадарстве ўлада была ў руках усіх, усяго народу (купцы, сяляне і г. д.).