Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хоць пападаліся і добрыя дарэктары. Я вот памятаю, як сам хадзіў вучыцца. Бывала, калі залепіць табе гэты самы дарэктар па патыліцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалі з лобу; а ўсёж-такі вучні ня так-то добра зналі, хоць па зім пяць вучыліся. А цяпер, бачыш, і ня б’юць, а вучацца.

— А ты думаеш, гэта лепш, што ня б’юць? — спытаў дзяк. — Калі, бывала, давалі лупцоўку, то й людзі былі. А цяпер што? Глядзіш, чуць відзен ад зямлі, а ўжо нос задзірае, ніякага паважаньня к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкі робяць. Вот-бы гэткага забастоўшчыка разлажыць на столак[1], ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць — бунт-бы ўвесь прайшоў. От, узяць-бы к прыкладу хоць мяне: білі і ў людзі вывелі.

— Які ты ў чорта людзі? — спытаў яго пісар: — ты — чверць чэлавека[2].

Усе зарагаталі.

— Ну, а ты — цэлы чалавек! А вот давай паспорым: „Жэзл во образ тайны прыемлецца, прозябеніем бо прэдразсуждает сьвяшчэньніка“… Што гэта азначае?

— Жэзл — гэта палка, — пачаў тлумачыць пісар і спыніўся.

— Гэта й дурань ведае, што жэзл — палка, але далей што? — насядаў дзяк на пісара.

Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўваліся да споркі і пыталіся адзін другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што й пісар не разгадае.

Адзін з мужыкоў, Піліп Гладыш, прышоў на падмогу пісару.

— Гэта, мо’ тая палка, што б’юць, як на папоў вывучваюць?

— Добра ты кажаш, — падхапіў пісар: — ня шкодзіла-б ёю высьвеньціць[3] і нашага дзяка.

— Нічога вы ня знаеце, — абвёў дзяк усіх поглядам чалавека, адтрымаўшага верх: — жэзл — гэта той шост, на каторым....

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Пры гэтым Пятрусь зарагатаў.

Усе зірнулі ня Пятруся.

— Што, няпраўду мо’ кажу? — спытаў дзяк, зірнуўшы ў яго бок.

— Вы змыліліся, — сказаў нясьмела Пятрусь: — гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другімі ў каўчэг завета і прарос. Гэта быў жэзл Мрона, і ўсе патомкі яго й лічыліся выбранымі богам свяшчэньнікамі.

Тут дзяк схамянуўся.

— Ну, а я як кажу? І я хацеў сказаць тое самае.

— Эй, дзяк! — гукнуў пісар: — лепш-бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь посьле гэтага здарэньня адразу вырас у вачох гасьцей, асабліва ў сялян. А маці, хоць і ня ўсё сьцяміла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, і твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсьмешку здавальненьня.

Сядзелец, седзячы каля пісара, шаргануў туды й сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў і зараз штось скажа).

— А вот, Пятрусь, скажы: колькі гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт і дваццаць кручкоў гарэлкі разам з пасудай.

  1. Тое-ж, што і — зэдаль, услончык.
  2. Дзяк даставаў чэцьверць пэнсіі папоўскай, таму на жарт называўся чверцю чалавека
  3. Пол. — высьвяціць.