Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А хіба-ж я пан?

— Павінен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякі сам сабе пан. А ты вось што: сягоньня ў нас будуць госьці, дык ты прыбярыся і, глядзі, трымайся так, каб ніхто ня сьмеў на цябе тыкаць пальцам!

. госьці будуць няпростыя.

II.

Вечарам на зьмярканьні пачалі зьбірацца госьці. Першымі прышло колькі сталых, паважных гаспадароў, а потым сталі зьбірацца і госьці вышэйшага стану: сядзелец[1], пісар з старшынёй, вураднік, дзяк.

Гэтыя паны-госьці варты таго, каб аб іх сказаць хоць колькі слоў.

Пісар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лічыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усіх і самым патрэбным у гаспадарстве. Бо й праўда, чаго ні краніся — ўсюды пісар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? — пісар. Хто робіць раскладкі? — ізноў пісар. А хто выдае пашпарты ? — пісар-жа. Адным словам, куды ні павернешся — пісар і пісар. Дык і ня дзіва, што гэты пісар так многа забраў сабе ў галаву. Вураднік-жа часам казаў яму за чаркай:

— Што пісары валасныя? — затыклы, папіхачы.

Але пісар на гэта адказваў:

— Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысьць невялікая: кожны валасны стораж патрапіць споўніць вураднікаву „хункцыю“[2].

Сядзелец больш маўчаў і ажыў толькі тады, як на стале станавілася добрая закуска і выпіўка. Тады яго вочы блішчэлі, і ён пачынаў што-небудзь хлусіць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабіраючы мужыкоў, што ніхто з іх ня ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, і зьбіўся, а ўсе паднялі яго на сьмех, бо дзяк часта любіў умешвацца не ў сваё. А аба ўсіх разам можна было сказаць, што гэта былі людзі, якія ад доўгай сваёй практыкі прывыклі пры спатканьні з чалавекам перш паглядзець на яго рукі й кішэні, а потым ужо пазіраць яму ў вочы.

Спачатку гаворка ня так-то клеілася. Пісар дыміў папіросай і, трымаючы яе ў зубох, гаварыў з фэльчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшыні і сядзельцу, як ён у моладасьці быў ў архірэйскім хоры і дзёр баса[3].

Тады толькі госьці ажывіліся, як гаспадар і гаспадыня пасадзілі іх за стол, загружаны закускамі і выпіўкай. А як чарка зрабіла колькі кругоў, то гаворка так палілася, што некаму было і слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоі знайшоў гняздо куніц і голай рукой выцягнуў з дупля цэлых шэсьць штук. А. што гэта было праўда, то ён паднёс да самага носу старшыні руку, на якой яшчэ й цяпер быў знак, як укусіла яго куніца.

Цяпер толькі госьці заўважылі Пятруся і зірнулі на яго вокам ласкі.

— Дзякуй богу! перайшоў у чацьвертую клясу, — гаварыў бацька. Ня мне будзе раўня. Даўней ня так спрытна вучылі, як цяпер,

  1. Прадавец гарэлкі ў манапольцы.
  2. Функцыю, абавязак.
  3. Значыць — пяяў басам.