Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увайшоўшы ў хату, Пятрусь аглядзеў усе куты, кожную новую рэч у хаце. Пры гэтым ён расказваў пра гімназію, пра горад, пра сваіх новых сяброў, пра ўсё тое, што цікавіла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаце, яго цягнула на двор, на волю, і праз паўгадзіны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вуліцу. Праз паркан суседзкага садзіка на яго пазірала колькі пар вачэй яго равесьнікаў. Пятрук зараз-жа заўважыў іх. Адзін з хлапцоў высунуў галаву з-за паркану і моўчкі прыглядаўся да Пятруся. Зараз-жа паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзіркі якое прабіраліся космы сьветлых заласоў, парыжэўшых на канцох ад сонца.

Ні Пятрук, ні хлопцы нічога не гаварылі. Пятруку хацелася прылучыцца да іх кампаніі, але ён чуў, што як-бы нешта лягло між ім і хлопцамі, і ў яго не ставала сьмеласьці падыйсьці да сваіх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былі проста адзеты, і толькі ён адзін кідаўся ў вочы ўсім сваёю формаю. Ён дагадаўся, што гэта форма й клала той рубеж між ім і хлопцамі, каторы і стрымоўваў[1] яго падысьці да іх, як даўней, і пачаць разам гульню. Трохі пастаяўшы і падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скінуў свой мундзірчык, нацягнуў свой стары каптанік, узяў яшчэ колькі цікавых кніжак з рысункамі і зноў выбег на вуліцу. Цяпер ён сьмела падбег да хлапцоў і, падышоўшы, хацеў сказаць ім — „здраствуйце“, як гаварыў ён у гімназіі да сваіх таварышоў, але ў сяле між малымі такога звычаю не вялося, і ён проста сказаў:

— Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цікавыя малюнкі.

Хлопцы пералезьлі цераз паркан і падышлі да Пятруся. Трохі счакаўшы, яны ўжо бегалі на задворках і агародах, рвалі моркву, скраблі яе трэсачкамі або проста абціралі аб сваю адзежу і елі. Пятрусь ад іх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзін з таварышоў. Хлопцы гаварылі, крычалі, шумелі. Між імі пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцікавейшыя штукі і гэтым самым выклікаць у другіх зайздрасьць і зьдзіўленьне. Гаворка іх была самая жывая і борзда пераскаквала з аднаго на другое, і такім парадкам праз колькі мінут хлопцы сталі гаварыць аб дужанцы.

— Ну, давайце падужаемся! -- гаварыў Пятрусь і выставіў уперад адну нагу і напляваў на рукі.

— Ну, са мною! — вышаў проці яго жывы і разьвіты Ляксей.

Зірнуўшы ў вакно, Пятрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамі ў пяску.

— Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робіш?

Яму здавалася, што яго сыну няпрыстойна займацца гэткім глупствам, і, зьвярнуўшыся да жонкі, сказаў:

— Зусім ён тут адзічэе, паглядзі: і форму сваю скінуў, ледзьве пазнаў.

— А што-ж там такое, калі пагуляе? Вядома, дзіця яшчэ — заступілася маці.

Паклікаўшы Пятруся, бацька строга сказаў:

— Табе, Пятрук, ня надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзі — сьмяяцца будуць. Скажуць — такі самы мужык.

  1. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.