Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

… І ты ўваскрэсьнеш, мой родны краю! Скінеш з шыі ярмо адвечнага гора і нуды.

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем. Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз…

Ты ўжо перастанеш плакаць. Ты падняў свой твар. З надзеяй ловіш зыкі званоў:

— Бом! бом!.. Прачыхайся ад сну, Беларусь! Годзі стагнаць ды жаліцца, жальба нічога ня дасьць табе. Уставай! Ідзі будаваць зруйнаваную бацькаўшчыну!

Наперад, па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне! Вясна ўжо на сьвеце — Хрыстос Уваскрос!

Я бачу, як сьвятлее твой твар; мой родны краю. І, поўны сілы і веры, я крычу ўва ўсю моц[1] тваім нівам, лясом і балотам, тваім панурым вёскам, тваім пакрыўджаным сыном:

— З вялікім сьвятам віншую! З вялікім сьвятам, Вялікі Беларускі Народ!

— Хрыстос Уваскрос!


Таўрус.

Банкет.

I.

Радасны й вясёлы пад’яжджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён ня бачыў ад самых Каляд. Вырваўшыся з душнага гораду, дзе за дамамі ня ўбачыш ні далёкага лесу, ні раздольля шырокіх палёў, і апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў і хвайнякоў, Пятрусь пачуўся вольна й лёгка. Яго так і цягнула ў гэтыя кусты на беразе рэчкі, на зялёны шырокі луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва й грудок былі яго добрымі старымі знаёмымі.

Едучы, ён закідаў пытаньнямі іх парабка Андрэя, як і што дома. У гэтых пытаньнях адбіваўся мужычы дух, моцна зросшыся з зямлёй, з родным сялом.

Вот і сяло, вот і іх хата. Бацька даўно ўжо тупаў на дварэ, ня раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчыніў вароты і вышаў за браму на спатканьне сыну. Пятрусь борзьдзенка саскочыў з каламажкі і кінуўся да бацькі.

Сын-гімназіст і бацька, ужо пад’жылы сталы селянін-хлебароб, абняліся і моцна пацалаваліся,

— Ну, як-жа здароў, Пятрусь? Як пашанцавалі[2] экзамены?

Пятрусь наскора адказаў бацьку і пабег да маткі. Яна ўжо даўно стаяла каля парогу, загадзя абцёршы губы хвартухом, і ня спушчала вачэй з сына.

— А сыночак ты мой! А маё ты панянятка! — гаварыла маці, цалуючы хлопца.

І запраўды Пятрусь у форме гімназіста зусім быў, як паніч. Нават папоў сын — бурсак, равесьнік Пятрука, адступаў перад ім на задні плян і касаваўся. Дык і ня дзіва, што маці так цешылася, гледзячы на сына-гімназіста.

  1. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  2. Пашчасьцілі.