Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Больш жыць ён не спадзяваўся, дый не хацеў. Усё, што было сьвятога, згінула навекі. Толькі адна іскрынка пацехі тлела ў яго добрым сэрцы — гэта любоў да сірот-унукаў, каторыя жылі разам з ім. Бацькі ў гэтых дзяцей ужо ня было — згінуў на вайне.


∗          ∗

Вось Ігналь прышоў да лініі. Высокі адкос пад густым ценем высіўся ўбаку, зьнізу дзесь булькатала вада.

Гэта была ручалка, каторая плыла з-за лініі.

Вядомая ваколіца Ігналю была. Тут ён ад маленства памятае і ведае ўсё. І шмат працы палажыў, ён, пасыпаючы адкос, пракладаючы рэйкі[1], падбіваючы шпалы, а цяпер прышоў сьцерагчы ўсё гэта.


∗          ∗

Абложаная яловымі лапкамі будка, як пляма, цямнела на прывяўшай траве.

Пры будцы ляжала абгарэлая гнілая шпала — сьвятло начлежнікаў.


∗          ∗

Сеў Ігналь на шпалу і задумаўся. Кругом было ціха, толькі час-ад-часу даносіўся здалёку стук, як-бы з пустой бочкі.

Гэта рэха гарматных стрэлаў далятала сюды.

Уздыхнуў дзед, пачувала сэрца нядобрае. Не баяўся ён сьмерці ніколі, але думка, што часам прыдзецца пакінуць родны край, дарагую бацькаўшчыну, трывожыла сэрца яго.


∗          ∗

Тут-жа ён радзіўся, вырас, тут-жа правёў сваю моладасьць, тут сьляды яе, і тут, паміж бярозак, курганок з парахнёю тае, з каторай кляўся і па сьмерці разам быць.

— Не, ніколі не адыйду адсюль, няхай будзе, што будзе! — прамовіў ён, вытрасаючы попел з люлькі і гледзячы ў даліну.

Вочы яго выглядалі то дзікімі, грознымі, то плачучымі.


∗          ∗

Думкі яго абарваў голас унука. Сьледам за дзедам ён краўся, прыцемкам, хаваючыся то за кусты, то ў траву, і вось, толькі дзед прысеў, ён з заліўным сьмехам падбег да яго.

— Дзядок, гэта я! — сакатаў ён: — маці ня пушчала, а я вось тут, разам будзем вартаваць, казку дзедка раскажа.

— Ах, мой каласок, уцёк такі! — як спрасонку казаў дзед: — добра што кажушок узяў, лезь у будку, у куточак, — бачыш, цёмна як.

Унук залез, падкурчыў там ногі ды пазіраў у цемнату.

— Дзядок! — адазваўся ён, калі ўжо заняласа гарэць шпала і асьвяціла частку поля: — а што гэта гурчыць вунь там далёка, за рэчкаю?

  1. Шыны, рэльсы.