Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пранусь маўчаў і цалаваў дзеда рукі. — „Пакуль буду жыць, не пакіну, дзядзечка, вас“.

Прыехалі ў Красналукі і ўвайшлі ў хату. Маці з радасьці аслупела,[1] як убачыла, што сын, як сарока, падбег к ей.

Пыталася пра ўсё, што толькі прышлося яму ўбачыць на службе.

— „А хто-ж будзе гэта?“ — спыталася яна ў Прануся, паказываючы на барадача, што поркаўся па клумках.

Пранусь з малога да вяліка давёў матцы пра асаблівую шчырасьць гэтага чалавека і пры гэтым сказаў, што даў слова не пакінуць яго аж да сьмерці, як-бы ні жылося.

Старая ўглядалася на госьця і ня ведала, што распачаць: твар яго надта быў падобны да нябожчыка мужа і наводзіў на яе сэрца тую боль, каторая крыху прызабылася.

Далей болей разгутарыліся пра жыцьцё яго брата.

— „Ня памятаю, казаў барадач, хлопцамі ў сьвет разыйшліся, казалі людзі, памёр пад дрэвам, а дзе і як, ня ведаю…

Адна памятка ў мяне ёсьць, крыжык выцінаны, надта даўны, гэта яшчэ бацька, як нас благаславіў, то абодвым на шыі панадзяваў, мой то вось дзе, а братні пэўне разам у магіле“.

Глянуўшы на крыжык, у старой затрасьліся рукі і сьлёзы пасыпаліся з вачэй. Нічога ня кажучы, яна пагяла рукою па грудзях, дастала адтуль крыжык і кажа: „ня гэты?“

Барадач глянуў і заплакаў. „Гэты сам, гэты, знача тут мой брат жыў і памёр, так во’ дзе яго кроў, во’ як. „Хапіў Прануся на рукі і пачаў моцна цалаваць…


Званы.

Вартаваць лінію жалезнай дарогі прышла чарга старому Ігналю. Хоць і стары быў Ігналь, але ахвотна браўся за гэты абавязак.

Выходзіў з хаты ён шмат раней, чым трэба, і займаў сваё месца пры лініі ў будцы, зложанай з яловых лапак.

Так было і цяпер.

Узьдзеўшы кажурынку, ён, апіраючыся на кій, звольна пайшоў к таму месцу, дзе ўжо не адну ноч вартаваў.

Вечарэла.

Сонца толькі-што спусьцілася за могільнік і прамяніста асьвячала дрэвы і постаць Ігналя.

Зірнуўшы ў бок могільніку, Ігналь уздыхнуў і нешта прамовіў.

Пранясьліся ў яго памяці малюнкі ўсяго бядацкага жыцьця: спрытная моладасьць, што прамігацела, як сон, а там горкая беспрасьветная старэцкая доля, сынкі, вайна, чорныя, чарней ночы весткі, сіроты-ўнукі.

Ідучы паміж кустоў могільніка, Ігналь углядаўся на пажоўклыя лісточкі, каторыя раней ад другіх афарбаваліся іншым колерам, і мысьліў сабе, што недалёчка ўжо восень, а там ізноў вясна, але не для яго.

  1. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…