Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і чорныя, а ня рудыя. Усклаўшы іх, ён доўга марудзіў, пакуль прылаўчыўся ўкручаваць, а посьле набраўся прыкрасьці, пакуль ашмуляліся пяты, з няпрывычкі скура муляла пальцы і дужа высака выціскаліся ў гару пяты.

„Не, такі ліпаўкі далёка раскашнейшыя, разуваючыся ўвечары, казаў ён. Там ні стуку ні груку, а тут ідзеш і азіраешся, быццам ззаду на пяты наступаюць“.

Пражыўшы тыдзень, другі на лягчэйшым хлебе, ён нібы крыху ўжо звыкся і толькі часьценька нудзіўся па свайму барадачу, каторага дзён колькі падрад ня бачыў.

Праца, хоць была няцяжкая, але ўвесь дзень на нагах, туды штурхель, сюды штурхель, там прымі, туды пастаў, зьмяці пыл, мый падлогу, а то бяжы ў мястэчка, адпачынку няма, толькі ўночы.

Пранусь лічыў дні, калі будуць Каляды, і часамі, спатыкаючыся з дзядзькам, казаў яму, што засталося ўжо дзесяць дзён, а то сем, і менш таго.

— „Незадоўга, сынку, незадоўга“, — адказваў ён.

— „Учора, дзядзечка, страху набраўся і мысьліў, што будзе гасьцінца, аж бач не, бог зьлітаваўся нада мной, далі-далі ды нямнога“.

— „Што, нябось загінула што-небудзь? Гэтак, гэтак, бывае запрапасьціцца, ну, і даюць, на каго больш увагі, а посьле — тыц — нашлося, туляюцца, як ваўкі, воч недзе падзець, задобрыць ужо хочуць, але крыўду з сэрца не дастаць.

Ну, што-ж было з табой? Я і забыўся“.

— „А вось нехта зласаваў сьмятану, ды так, што толькі збан застаўся, як сіраціна адзін, ну, ведама, да мяне, ты ды ты!

Аж пасьля выявілася, сама гаспадыня забылася ключы, а нехта дабраўся і страпежыў усю, як мае быць, сьмятану ды масла, салятырку[1] згроб у дадатак.

І пакуль там разьбіралі справу пра масла і сьмятану, мне добра ўклеілі па зубох, і цяпер ныюць, быццам, хто цэглай абязьвечыў“.

— „Чытаў сынок ксёнжкі?“

— „Чытаў“.

— „Памятуеш, што Хрыстос казаў: даруй вінавайцу і не рабі помсты, так і ты, пажаліўся мне і дось“.

Надыйшоў дзень Каляд, Пранусь з дзедам радзіліся, як быць.

— „Ведаеш, сынок“, — казаў дзед; надта-ж жадаю ўбачыць вашу вёску, зямельку і ўсё, што толькі маеце“…

— „Пабачым, дзядзечка, пабачым, вось толькі-бы разьлічыцца“.

— „Ты, сынок, маленькі яшчэ, але я цябе шчыра люблю за твой розум; сэрца маё вось так і хіліцца да цябе, сіраціны“.

— „Пойдзем, дзядзечка, разам адсюль, пойдзем; я ня гультай, буду працаваць, і дзядзька што-небудзь яшчэ здалееце“.

— „Каб бачыў, сынок, лясы павярнуў за свой век, гэтымі круччамі, яшчэ і цяпер сіла ёсьць, усяго не аддаў ім, толькі зубы прышлося волей-ня-волей заставіць на памятку, што вылецелі ад спагаднай рукі пані.

Мне ў жыцьці ня пуціць[2]; нас толькі было двое, я ды брат, і той загінуў за крывавы мазоль.

  1. Знарочная талерка да салаты.
  2. Ня шчасьціць