Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падыйшлі к дзьверам. Барадач атрос сьнег і нясьмела пераступіў парог. Тут ужо была сям’я вялікая. Чакалі, калі пададуць полудзень. Пранусь, аглядаючы ўсіх паасобку, перавёў вочы на сьценку і доўга лічыў прусакоў, што шпацыравалі[1] па сьцяне.

Нарэшце тры вялізныя місы паставілі на стале, і галодныя парабкі накінуліся на яду.

— „Але-ж сёрбаюць“, — мысьліў Пранусь; — „далёка шчырэй, як у нас. Асабліва гэты сусед, як смаргане, здаецца, з лавы сьцягне“, — і каб ужо быць пэўным на гэтым месцы, аднэй рукой трымаўся за лаву, а другую спрытна закідаў у місу.

— „Ці пад’еў?“ — спытаўся барадач, як выйшлі на двор; — „тут брат, варон ня лічы[2], а гані, як можаш, бо абмылкі посьле[3] не паправіш“.

За працай дзень ня ў знак прайшоў, і не агледзеліся, як надыйшоў вечар.

— „Дзядзька! — адазваўся Пранусь, — дзе вы сьпіцё, можа й я з вамі як-небудзь прымасьціўся-б: аднаму дужа нудна, учора ледзьве не звар’яцеў, гэтак шорахна[4] было“.

— „Не, браце, танцуй так, як музыка грае: казалі там, ну і там“.

Прыкра было згаджацца, але што-ж зробіш. Панура ўвечары ішоў на адпачынак і, як куля, вылятаў на раніцы, весела смяючыся, убачыўшыся з дзядзькам.

Патроху зганяла з поля сьнег, і дзе-ня-дзе рунелася мураўка. Яшчэ тыдзень, другі — і Пранусь павінен быў узяцца за пасту.

— „Вось тады будзе шмат спакайней, — радуючыся, казаў ён: зраніцы пайду, пасьпяваю,[5] хто будзе чуць? гэта ня тое, што тут: уздыхні, зараз зеркачы[6] адвярнулі, там сам сабе пан, вогнішча разлошыш, тупнеш, сьвісьнеш, як дома, час ня ў знак прабяжыць“.

Даўно чаканая пара падыйшла; неба паласкавела, павесялела, сонца, як мае быць, прыпякло, наляцела птушак, лес зазелянеў, быдла, рыкаючы, весела пабегла ў поле, і Пранусь, як няпрытомны, пагайсаў[7] сьледам.

Барадаты дзядзька, седзячы на прыгорку, пыкаючы люльку, глядзеў і радаваўся, як яго памочнік шпарка бегаў то ў адзін, то ў другі бок за быдлам, зганяючы яго ў вадно месца.

— „Хопіш гора, сынку, хопіш, сколькі ўлезе, над сіратой усякі назьдзекуецца, ведаю, бо сам ужыў смаку гэтага; раней устанеш, пазьней ляжаш, штурханцоў нададуць, а ты, сірата, як бура, усё зьнясеш. Эх, жыцьцё! — марматаў барадач, плюючы са злосьцю на бакі. Усе мы людзі, а ня ўсім бог роўнае шчасьце даў“.

— „Пранусь! Пранусь“! — гукаў ён, не вынімаючы люлькі з зубоў, „адгані Красулю, ды бульбінку хадзі зьеш, дось будзе, дзень вялікі, нагайсаешся“, — і, разгарнуўшы жар, пачаў даставаць пячоную бульбу.

— „А мой сынок, еш-жа, еш, — чаго, чаго, бульбы не бракуе. Бог ведаў, каму бульба: нам, братка, мужыком, каб елі ды цешыліся“.

— „Не сьпяшайся, не сьпяшайся! звольна: над каркам не стаяць“, казаў ён, гледзячы на дзіцянё, падпершы рукамі бараду.

  1. З ням. — прахаджваліся.
  2. Значыць — не зявай.
  3. Ужываецца болей — пасьля.
  4. Жудасна, — боязна.
  5. Ужываецца болей — папяю.
  6. Значыць — вочы.
  7. Паляцеў, пабег.