Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тут звычай гэтакі?“ і так ня ведаючы, як у паноў ядуць, спаражніў місу да капелькі.

— „Лоўка, лоўка!“ — прышоўшы ізноў, адазвалася яна, углядаючыся на дно міскі.

— „Цяпер кладзіся спаць, а заўтра за працу, досыць лынды біць[1]“, і, згасіўшы агонь, вышла ў другую палавіну, пакінуўшы Прануся ў пацёмках.

Разаслаўшы армячок і кінуўшы пад галаву нейкі камяк ануч, ён закрыўся гунькай[2] і лёг.

— „Гэта-ж я і не маліўся“, — памысьліў ён: — „ды ці ёсь тут абраз? нешта ня бачыў“, — але, як успомніў, што калісь чытаў, што бог на кожным месцу, падняўся, стаў на каленкі і пачаў маліцца, углядаючыся ў цемнату.

Маліўся за нябожчыка бацьку, за матку, і мысьлі яго перабягалі к сваім розным, дзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяцінны час.

Прыпомнілася тая раптоўная вядомасьць аб сьмерці бацькі, затым хаўтуры, тая глыбокая яма, куды ўставілі дамавіну, і як нейкі барадаты дзядзька закідаў пасьля зямлёй.

Мысьлі блукалі там і сям і нарэшце ўсё зьмяшалася, быццам нехта сьмяяўся, трубіў ражок, нейдзе выў сабака, і сон узяў сваё.

Была ўжо раніца, са двара данасіўся скрып жураўля[3], мыканьне кароў, а Пранусь яшчэ, скорчыўшыся, як вожык, смачна спаў у куточку.

— „Годзе спаць!“ — праз сон пачуў голас кабеціны. Як-бы швайкай жыганулі яго. Усхапіўшыся на ногі, ён насунуў армяк, падперазаўся і гатоў быў, як відзіш[4].

— „Які тут хлапец ёсь?“ — пачуў ён голас з двара і затым у дзьверах паказалася лахматая барада.

— „Пэўне гэты? — спытаўся барадач. — „Гэты, гэты!“ — адказала кабеціна. — „Ну дык пойдзем, карантыш[5], будзем разам гараваць“.

Вышлі на двор. — „Ну скажы, мой сынок, за сколькі згадзілі цябе?“

— „За дзесяць рублёў!“

— „Трудна, братка, трудна!“ — пудліва азіраючыся, казаў барадаты дзядзька. — „Тут гамані, ды за вуха трымайся[6], бо прыляціць чмель, за вуха хопіць“.

Пранусь паверыў, што тут зімой чмялі жыгаляць, і насунуў пры гэтым ніжэй шапку.

На двары было шмат людзей: хто выбіраў гной, хто зганяў ваду, ляніва сноўдалася[7] быдла, падбіраючы дзе-ня-дзе растрэсенае сена.

Пранусь з дзядзькам прайшлі двор[8] і павярнулі за хлявы.

— „Вось, браце, запражэш жаробку і каменьня пазвозіш туды, а я пайду к пану за інтарэсам“.

Вазоў з дзесятак зьвёз Пранусь, пакуль вярнуўся дзядзька і паклікаў к сабе.

— „Дось[9] будзе, пойдзем сьнедаць, нябось галодзен, як воўк, вось пабачыш нашых працаўнікоў і будзеш ведаць, з кім як абыходзіцца.

  1. Значыць — даволі гультаяваць.
  2. Дзяружкай, пасьцілкай.
  3. Вінды пры студні.
  4. Значыць — ураз.
  5. Малыш; ад — кароткі.
  6. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  7. Хадзіла ўзад і ўперад.
  8. Правільна — надворак.
  9. Досіць, полён. — даволі.