Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— „Расьці сынок, расьці! шануйся, падрасьцечц, якім яшчэ чалавекам будзеш; казаў — маці жыва, так вось на яе не запамінай: яна-ж цябе гадавала, гаравала; нябось, ня ўломак, — прыгожы, як ягадка.

А тут што? тут вось адбразгаеш[1] сваё, ды да дому… свой хлеб хоць не такі смашны, але ім не падавішся[2]. Праўду, кажу, праўду: тут ня ўслужыш, я ўжо спрактыкаваўся, было ўсяго.

Жыву і чакаю, як вол доўбні“.

Тым часам сонца ня ў знак апушчалася над лесам, і быдла пачало паглядаць у той бок, дзе хлявы.

— „Ганяй, дось будзе, дзень ад’жылі, дзякуй табе, божа!“ камандаваў дзед. Ідучы з дзядзькам, Пранусь углядаўся на хату, з каторай выпаўзаў стужкай дым, і пры гэтым мысьліў, што зараз сядуць вячэраць, то ўжо мух лавіць ня будзе, а падчэпіць самую большую лыжку, і ну яе і туды і сюды.

Жывёлу ўгналі ў двор і размясьцілі па хлявох.

— „Ну, пойдзем, зачэрпнем, што дадуць!“ — адазваўся дзядзька і адчыніў на кухню дзьверы. Там была сама гаспадыня.

— „Во і мы тут, панічка, галодныя, як ваўчкі“, зьбедніўшыся, адазваўся ён: „калі ласка крупнічку лыжачку, я ня проч, ды і хлопчык не адкіне“. Як падалі вячэру і ўставілі на стол, падыйшло яшчэ пяцёх парабкаў і звольна паселі на даўгіх лавах.

— „Ну, хлапец! мая панюхна“, адазваўся барадач, „каб бачылі, што з яго вырабляецца! матыль ды толькі, бяжыць ды бяжыць, увесь час на нагах.

Крыкнеш на сабаку: „Жук, у шкодзе“, пакуль той Жук раскурстаецца, ён ужо бяжыць; дзяцюк, так дзяцюк, а галава, гляньцё, як цэбар, мазгоў поўненька ў ёй, гэта не раўня нашым салапякам.

А гамонка, каб чулі, праўду рэжа, быццам з ксёнжккі[3] чытае, пракурор[4] ды і толькі.

Кажуць, мужык, дык анучка, — вось не! Ён з якім хочаш панам разгаманіцца“.

— „Ну дось-жа, дось хваліць!“ адазвалася гаспадыня. „Табе на руку, старому абібоку,[5] цяпер толькі сядзі, ды варон лічы, што ляцяць над полем, вось гэтак век зжыў, нічога ня робячы, вандруеш[6] па сьвеце, як Марка па пекле“.

— „Які там сьвет!“ з крыўдай, адказаў барадач. Толькі ўсяго і бачыў мужыка чорнага, мужыка рудога, хату з падпоркай, хату без падпоркі. З нас усякі так, у брудах радзіўся, бруд еў, у брудах памёр, мужыкі ня людзі, так і чэзнуць без пары“.

— „Ну а чаго вам лепшага? сілу маеш, зарабі, гарэлкі ня пі, капейку зьбярэш“, сакатала пані.

— „Хто яе п’е, няхай на яе звод! тут кашуля паўзе з плеч, лата на лаце і ў лаце дзюрка, не да гарэлкі, калі так горка!“

— „Усе вы так кажаце, а як дабраўся-б каторы, то як свіньня нарэжацца“.

— „Праўда, панічка, праўда! Пад’еў, так уставай“, перарваў размову парабак Халімон.

Гаспадыня закусіла палец і вытрашчылася. Відаць, Халімонава размова не спадабалася.

  1. Значыць — адбудзеш.
  2. Русіц. — задушышся.
  3. Кніжкі.
  4. У судзе асоба, якая мае на абавязку абвінавачваць падсуднага.
  5. Гультаю.
  6. З ням. — wandern, падарожнічаць, туляцца, цягацца.