Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

радку было, але вось з зямлёй куды горш: бо Тамашоў клін ляжаў за рэчкай на Рыгоравым баку, а Рыгораў клін на Тамашовым баку. З гэтага відаць, што, каб праехаць з возам ці перагнаць жывёлу праз рэчку, патрэбен мост. Мост такі быў. Прадзедамі яшчэ быў будаваны з дубовых круглякоў, цяжкі і крэпкі. Але ўсё мае свой век. Дажыў яго і кутоўскі мост: аднэй вясны вада падмыла зруб, і мост — бэлечка за бэлькай — памандраваў у сьвет далёкі.

— Пайшоў мост упрочкі, толькі тэй бяды — казалі суседзі — ў брод пераедзем!

І езьдзілі ў брод усю вясну, але пасьля вясны, адвечным звычаем, прыйшло лета, трэба было вазіць сена, а з возам ня тое, што ўлягку: калёсы загразнуць, і — ні ўзад, ні ўперад! Ведалі гэта добра суседзі і не памыкаліся ехаць з возам праз брод, але і ня браліся будаваць маста. Рыгор казаў, што правіць мост павінна земства. Тамаш ня верыў у земства, але ўсю надзею пакладаў на двор: „За прыгону з панскага загаду мост будавалі“, — казаў ён, апіраючы гэткім спосабам свае права на даўнасьці. Але ні двор, ні земства ня прыходзілі з падмогай у Куты, бо мост ляжаў на зямлі гэтых двох гаспадароў і ім толькі самім патрэбен быў.

А час не стаяў, але ўсё плыў і плыў, маўляў тая рэчка. Не агледзеліся, як і Спас надыйшоў, а маста, як ня было, так ня было. Збожжа і сена ўсё яшчэ стаялі ў полі нязьвезеныя на пацеху мышам і варонам. Кутоўцы, страціўшы веру ў земства і двор, пачалі між сабой сварыцца, каму з іх двох трэба мост будаваць. Кожны панукаў другога, а другі ўпіраўся. Сваркам канца ня было; завялі справы ў судох, але, пакуль што, час плыў: трэба было ўжо ярыну вазіць, жыта малаціць, а тут рэчка ад дажджоў частых, як на злосьць, разьлілася шырэй, а стагі і мэндлікі[1] ўсё пахмурней паглядалі на гумны. Глумілася дабро.

Гаспадаром шкада было сваей працы: злосьць даўно перакіпела, цяпер ужо суседзі больш вінавацілі парадкі на сьвеце, чымсьці сябе. Шкадавалі адзін аднаго, але ня ведалі, як бядзе памагчы. У суды, у воласьць і да земскага езьдзілі разам, разам дабіваліся праўды, разам залівалі гора сваё манаполькай, але ўсюды спатыкалі адзін адказ, што гэта іх суседзкая справа, бо мост на іх зямлі ляжыць, больш нікому не патрэбен. Рыгор з Тамашом гэта ведалі, але ім ішло аб тое: хто яго павінен правіць? Ім адказывалі, што яны самі павінны.

— Добра! Але дзе-ж загад? — пыталіся.

Загаду ня было.

Раз у суботу зыйшліся Тамаш з Рыгорам каля броду, селі на каменчыку і пачалі гутарку. Гутарка іх была поўна жоўці: чулі яны кроўны жаль да ўсяго і ўсіх на сьвеце, чулі, што крыўда ім робіцца, але не маглі прыдумаць ратунку, не маглі згадаць, скуль на іх ідзе ўсё гэтае няшчасьце?

— Вось, часы насталі! — бедаваў Тамаш — дыхаць цяжка людзём на сьвеце, праўды нідзе ніякай!

— Дзе цяпер праўды шукаць?! Даўней — дык начальства было, важнае начальства… Узяць хоць-бы даўнейшага нашага пасрэдніка. Суд і праўда напагатове ў яго!.. Раз, два і гатова!..

  1. Копы ў 15 снапоў (чэцьверць капы).