Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На што там пасрэднік, — ня было лепшага парадку, як, вечны пакой яму, пры нябожчыку пану старым. Пазаве эканома, жыва табе і загад і каманду прыпісаць загадае…

— Нішто челавек быў — пахваліў Рыгор.

Тамаш, пыкаючы люльку ў задуме, як бы прыпамінаючы нешта казаў:

— Балюча білі!

— Дык што, што балюча, — але парадак быў, лад быў, а цяпер што?..

Рыгор сярдзіта плюнуў у старану.

— Даўней прыйдуць к табе і паглядзяць, ці ўсё ў парадку, а цяпер ты да іх ідзеш і то праўды няма ніякай: во’ калі часы насталі!..

— Ня толькі часы, а і людзі зьмяніліся. Гэта-ж даўней прыйдзе вураднік, то такога крыку наробіць, з хаты ўсіх павыганяе.

— А і цяперашні нішто; ён таксама зарадны[1] чалавек…

— Можа-б ён нам раду якую даў? — гануў Тамаш з бліскам надзеі ў вачох.

— Дык чамуж-бы не?..

Гаспадары ажывіліся, бліснула іскра надзеі ў іхнім безнадзейным палажэньні. Наладзіўшы Хутка каляску, яны паехалі ў мястэчка да вурадніка.

Вураднік сьпярша ніяк ня мог уцяміць, аб што ім ідзе, але, зразумеўшы, абяцаў[2] сваю помач.

Сялянам весялей зрабілася на сэрца, поўныя надзеі і веры ў вурадніка ехалі дамоў.

На другі дзень соцкі прынёс бумагу[3] ў Куты ад вураднікаў, у каторай пісалася, каб да суботы другой на руме[4] былі зьвезены ўсе матар’ялы, патрэбныя на мост, а ў суботу, каб работнікі чакалі з тапарамі і піламі вурадніка.

Тамаш пробаваў казеліцца,[5] што мала часу да суботы, але Рыгор перапыніў яго, паказываючы паперу:

— Бачыш, што ў бумазе напісана? Ну, то і няма што валаводзіць!

У другую суботу матар’ялы былі ўсе зьвезены і суседзі з парабкамі з досьвіткаў чакалі вурадніка.

Каля сьнеданьня над’ехаў вураднік. З голымі галовамі, камечучы ў руках шапкі і нізка кланяючыся, гаспадары віталі яго. Саскочыўшы з каламажкі, вураднік перш-на-перш злаяў іх. Лаяў за тое, што матар’ялы не такія, пасьля лаяў, што дагэтуль нічога не зрабілі яшчэ, а там яшчэ за марудную работу, за ўсё пакрысе. Гаспадары ўслухаліся ў лайку гэту, як у бацькоўскую навуку, і, бесканечна цешучыся, працавалі да поту. Мост на вачох рос, а да вечара гатоў быў зусім. Засьцянкоўцы таксама расьлі ад радасьці.

Справіўшы пачастунак і выпіўку таму, хто-ткі вывеў іх з бяды, Рыгор праводзіў праз новы мост Тамаша дамоў і не без фанабэрыі ў голасе пытаў:

— А што, суседзе, хітра я прыдумаў?

— Хітра! — патаківаў[6] Тамаш, з пашанай углядаючыся на Рыгора.


  1. Умее даць рады.
  2. абяцаць — Заходняславянізм, полёнізм. Праслав. — *обѣт+++ать(н) У нас мела-б быць — абячаць. Але так зусім ня ўжываецца. Ёсьць — дакляраваць, прыракаць.
  3. Рус. — паперу
  4. Бераг ракі.
  5. Упірацца (па казьлінаму).
  6. Правільней — патураў.