Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І казала, гаварыла,
Як вучыў гусьляр „Ярыла“:
— „Шлюбавала вас Купала,
Цёмна ночка атуляла.
Вам пасьцелькай — шоўк травіцы,
Амывала вас расіца.
Кроў у жылах пламянела,
Нібы яблычак той сьпелы,
Кветку шчасьця вы зрывалі
На купальскім ночным балі.
Хай вам шчасьце назаўсёды
Свае кружыць карагоды!

∗     ∗

Між палямі, між лясамі
Рэчка ўецца паясамі,
Багатырскай сівай броўкай,
Гучна-срыбнаю падкоўкай
Ўецца, гнецца ўліва-ўправа.
То зірне ў гушчар кудравы,
То абцягне ўзгорак стромкі
Шлюбным кругленькім пярсьцёнкам;
А то роўным, простым шляхам,
Пазасланым белай бляхай,
Рэчка мерыць шыр пашніцы;
Сонцу, месяцу, зарніцам
Рэчка служыць люстрам ясным,
Калі сьвецяць, калі гаснуць.

|}


З ранейшых расказаў.

Пяюць начлежнікі.

… Пяюць начлежнікі… Слоў не разьбярэш, — надта закацістая песьня, але зірнеш, адкуль плыве яна, і ўбачыш чырвоны слуп6) з чорнай каронай пад лесам — гэта вогнішча начлежнікаў…

… Пяюць начлежнікі… Зычная, маркотная песьня лунае пад неба, аж да зорак… Гэта стогн загнанага жыцьця, жальба крывавай працы, споведзь доўгай нядолі, кананьне веры пад ударамі цяжкай крыўды…

… Пяюць начлежнікі… Якая моцная2) падмога ідзе да цябе, шчырая сьвятая песьня!.. І нудным і вясёлым часам ты паглядаеш у нашы душы! Ты лечыш наша беспатольнае гора, ты аблягчаеш нашу працу, ты абціраеш кроў і пот, даеш надзею і моц і, малюючы шэрае жыцьцё, цешыш надзеяй на лепшае.

Чуе цябе душа наша і радуецца і лунае разам з табой да сьветлага неба… Пяюць начлежнікі… Шчырыя напевы іх поўны задумы, як цёмнае неба, каторае навісла над імі; як белыя туманы над рэчкай, атуляюць яны душу тваю, і на клік гэтай песьні зьвіняць струны твайго сэрца, а ў вачох сьлёзы блішчаць…

… Пяюць начлежнікі…