Нібы пальцам зачапіла
Струны гусьляў з усёй сілы.
Гусьлі гучна затрасьліся:
„Гэй, „Ярыла“ — друг, прачніся!“
Ён прачнуўся. Што за справа?
Ці то сон, ці гэта ява? —
Пад калінавым кусточкам
Невялічкія сьлядочкі
Ножак дзеўчынкі-малодкі
Засталіся ў панарожках.
Рваў „Ярыла“ мяту-руту,
На сьлядочкі клаў у жмуты,
Каб адціскі пальцаў, пятак —
Ножак беленькіх пячатак
Буйны вецер не разьвеяў,
Каб пясочкам не засеяў,
Каб іх людзі не стапталі,
Каб дажджы не размывалі.
|}
(Адрыўкі з песьні адзінаццатай)
Па шчаціне зжатай нівы
Восень чэша сваю грыву
І качаецца па лужах,
Муціць рэчку, кругі кружыць.
Пясок трусіць па рудаўках,
Пеніць сьліну па канаўках[1].
Медзяныя кудры клёнаў
Пазурамі рве і стогне.
Плюне лісьцем па каменьнях,
Раптам змоўкне ў задуменьні.
Па вільготным19) агародзе
Восень смутна ходзіць-бродзіць,
Пераскочыць праз парканы,
Кіне вокам у туманы.
Ў зарасьняк зірне з журбою,
Кашляне па ім крывёю,
А з нябесных дробных вокнаў
Дожджык ніткамі валокнаў
Сыпле, падае на стрэхі
Нібы кідае гарэхі.
|
Гралі гусьлейкі ў дуброве,
Гаварылі чары-словы:
— „Хто тут з красак харашэйша,
Хто з дзяўчынак наймілейша,
У каго у вочах росы,
У каго, як мёды, косы,
Хто ад гусьляў сьпеўных млела,
Хай бялюсенькае цела
Зграбна краскамі пакрые,
Хай на грудкі — цьвет лілеі,
Хай на ножкі кладзе ружы,[2]
Хай для ручак ружа служыць
Белы плечыкі лябёдкі
Хай цалуюць папароткі.
Хай на шыйку — васілёчак,
На галованьку — вяночак.
У такім сваім убраньні
Хай стаіць пад сонца зьзяньнем
Гэта дзеванька удала.
Будзе імя ёй Купала“.
І зрабіла так дзяўчына,
І стаяла такім чынам
На вялікім папялішчы,
Дзе пагасла ўжо вагнішча.
Сонца краску цалавала,
Бела цела абвівала
Залаценькаю тканінай.
У калёры пераліўным
Голас дзеўчынкі-красуні
Ў тахт гусьлярскім гучным струнам
Зажаўроніў хмельным словам:
— „Гэй, выходзьце ўсе з заховаў,
Хто ў купальскім карагодзе
Тутка шчасьцейка знаходзіў!“
Вось у сонечным пажары
Павыходзілі к ёй пары.
З агняцьветнага вяночка
Рвала парачкам лісточкі.
|
- ↑ Русіц. — раўкох, рынштоках.
- ↑ Пол. — рожы.