Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З зборніка «Пад родным небам».

Беларусь.

I.

Ты — летапіс з аповесьцяў вячыстых[1],
Акроплены сьлязамі дудароў.
Ты — яснацьвет ад водгульляў агністых
Жняёў, касцоў і старцаў-пастыроў.

У залатой кудзелі гучных сьпеваў
Дрыжыць твой бор, сумуе твой гушчар.
Дзед-чараўнік стаіць пад кожным дрэвам,
Балота сьпіць пад вэльмам[2] зорных чар.

Твае лугі сьняць сны аб гуках ночных,
Аб вогнішчах начлежных дзяцюкоў.
Пад гуд віхроў, варожбаў сьвета-змрочных
Тчэ глебны дух абраднасьці вякоў.

Сам Госпад-Бог хадзіў тут па зямліцы, —
Усюль зіхцяць-відаць яго сьляды.
Па тых слядох красуюцца капліцы,
Па тых сьлядох брыдуць удаль Дзяды.

Зышліся тут Ярыла[3] з божым Сынам,
Сьвятая Маці з Доляю жыве.
Ў цяні дубоў пад старадаўным тынам
Ільля й Лясун[4] расьселіся ў траве.

Тут кожны крок[5] абвеян казкай сівай,
Што ручаёк — жалосных сьпеваў жмут.
Шурпаты пень на лузе, ці на ніве —
Нязнаны дух, або таемны цуд13).
Тут воўк — ня воўк, а чалавек закляты,
Тут корч — ня корч, а той-жа селянін.
А бусел-птах — ня птушка, а араты,
Вартуе Дзіў[6] абшар лугоў, далін.

А курганы, а замчышчы, званіцы,
А пустыроў сьвятая цішыня;
А гнёздаў мест[7] ліхтарні-зараніцы,
А вышні гор, а рэчак глыбіня…

Усё жыве жыцьцём Дзядоў адвечных,
Тут кожны век пакінуў знак-пячаць.
Па тых знакох — па тых шляхох па млечных[8]
Ідуць сыны свой край адбудаваць.

  1. Правільна — адвечных.
  2. Лац. — пакрывала.
  3. Старадаўні славянскі бог цяпла і ўраджаю.
  4. Таксама — бог лесу.
  5. Полён. — шаг.
  6. Славянскі бог палёў.
  7. Замест
  8. Полён. — малочных.