І край магіл, той край, дзе жыў Скарына,
Зноў парадзіў прарокаў і байцоў:
Ідуць-брыдуць, бы Нёман з месца рынуў,
Бы грамада узброеных касцоў.
Іх кліч грыміць, як зычны хор грымота,
Як буралом, імчыць у горны сьвет.
Дрыжыць зямля ад нізаў да высотаў,
Праменіць даль Купальскі агняцьвет.
Васкросьлі зноў багі сівых Калядаў[1],
Ратай ім сьпеў кідае на агонь.
Хто на аўтар падсыпне зельле здрады,
Таму ўвесь край шле жудасны праклён.
Ёсьць шмат такіх, што да Цябе плячыма,
Маць-Беларусь, адвернуты стаяць,
На Ўсход, Заход халопскімі вачыма,
Як вяпрукі зьдзічэлыя, глядзяць.
Грызуць яны тваіх дубраў насеньне,
Іх кпінаў[2] гаць[3] забрызгана[4] гразьзёй, —
У глыб[5] зямлі ўвайшло Тваё карэньне,
Лясы шумяць высока над Табой.
Ты зноў жывеш, бо Ты ня знала сьмерці,
Магутны дух мацней2) ад роду ў род.
Твая душа, шчыр-думы Твайго сэрца
Расьлі-цьвілі з народу ды ў народ.
Сама, Сама наладзіш сваё веча, —
Разьбілі сталь адгукі вечных струн.
А хто пачне чыніць тут злыя рэчы, —
Таго заб’е наш волі бог-Пярун[6].
Сама, Сама ад’значыш Свае межы,
Без дапамог няпрошаных дзядзькоў.
Ты забярэш, што да цябе належа[7],
Маць-Беларусь, спакон глухіх вякоў!
|