Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ёсьць, а да каго кінешся? Запісалі мяне ў польскую курыю, а я кажу: „Дзякуй вам, я ўжо лепей у жыдоўскую пайду, калі вы мяне беларусам ня лічыце, або і саўсім не пайду. У жыдоўскую, ведама, мне ня можна, але гэта я ўжо са злосьці, ведаеце. А жонцы гэтая крыўда, як лазанка з макам: — от, кажа, табе і вучоныя твае, і беларушчына! А вось-жа вучоныя знайшліся, га?!.. Ну, што ты ей дурной?! Я ўжо і спрачацца пакінуў, маўчу… Потым ізноў выбары у Думу. „Ну, гэтта, думаю, не папушчуся“. Узяў я кніжку, ёсьць у мяне гэткая добрая кніжка! надта[1] добрае аб нас у ей пішацца, і пайшоў. Прыйшоў у гарадзкую думу. Кажу: я такі-то і такі-то, ці мяне запісалі на выбары? Паглядзелі ў сьпіскі; „а вы якой веры?“.

— „Каталіцкай“, — адказываю.

— Ну, дык вы, гэтта, у польскую курыю запісаны.

— Як, кажу, а чаму не ў беларускую?“ — Сьмяюцца шэльмы: „Бо такой, кажуць, няма, а ёсьць проста руская, калі хочаце туды, то яшчэ можна“.

Дык я-ж, дзякуй вам, не расеец, не паляк і ня жыд! Як-жа беларускай курыі няма?

— А вы каталік?

— А ўжо-ж!

— А мы ўсіх каталікаў у палякі…

— Дык гэта, крычу, жонка не разумней судзіць! — і паказваю ім кніжку — от, паглядзеце, гэтта пішацца!

Папрасілі ня крычаць у прысуцтвіі[2], а, кажуць, што вы кніжку паказываеце, дык у нас у паперах саўсім іначай пішуць, але! Бывайце здаровы, бо ня маем часу! — „Каб вас, думаю! Хіба мяне маці дзеля вашых папераў радзіла?“

А жонка ізноў рада: хай цябе, проста сам сабе ня рад, ані свайму жыцьцю. Тутка няўдача, у хаце адна згрызота, эт! Можа вы ведаеце, калі гэта ўсё зьменіцца?

І упёрся ў мяне вачыма, чакаючы, ці ня дам я часамі якой рады, якой пацехі.

Але я што ведаю? Будзем чакаць, а пакуль што будзем рупіцца, каб больш нашых „тутэйшых“ не хацелі пісацца ў гэтыя курыі. Як пачнём дакучаць кожан[3] раз, як будзем прыходзіць што раз усё большай грамадаю з кніжкай, у якой надта добра пішацца аб беларусах, тады можа, ды і пэўне нешта будзе.

— Праўда, праўда ваша. Йшчэ дачакаем сьвята. Зробім сабе сьвята. Калі мяне скранула, што, як хлапец які, бегаю, то і з усімі тое будзе. А ведаеце што? — і пан Шабуневіч азірнуўся, ці хто не падслухівае, — ведаеце, у мяне ёсьць думка і хацеў-бы яе з’істніць[4]. Добра было-б зрабіць у нас нешта кшталтам школкі беларускай. Чытаць, пісаць і крыху гісторыі. Га? як на вашу думку? Хата ў мяне знойдзецца, а вы мо-б былі настаўнікам. Гадзіны дзьве у дзень. Га? заходзьце да мяне, пагамонім ляпей.

Але мы якраз падыйшлі да таго двара, дзе жыў мой прыяцель, і я, паабяцаўшыся зайсьці да пана Шабуневіча і пагаварыць, як сьлед аб гэтай важнай справе, падаў яму на прашчаньне руку. Ён зноў сьціснуў яе, што аж захрусьцела, сказаўшы йшчэ раз: „прыхадзі-ж,

  1. Лепей — вельмі.
  2. Рас. — установе.
  3. Кожны.
  4. Правясьці і ў жыцьцё.