Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

коіка ліўся прыемны пах кветак,[1] а ад далёкага возера пачуваліся пералівы песьні маленькага песьняра каханьня, а я меў моцнае перакананьне, што Зося Альбэртаўна прыстайнейшая дзяўчына на цэлы сьвет, — у гэткую ноч да мяне прыйшоў адзін даўны знаёмы з двама сваімі сябрукамі і гэтак шчыра запрасіў да сябе у госьці, што, не адкладаючы на другі раз, пазьбіраў я, што было, трэба, і пайшоў з імі. А потым… потым я ўжо ня прыходзіў да дому цэлыя пяць год. Пазнаў я за гэты час, як добра мандраваць[2] па чужых краёх і як цяжка тужыці па сваім куточку. Пазнаў багата чаго і іншага. А нарэшце ізноў апынуўся дома. За пяць год многа чаго можа зьмяніцца. Зьмяніўся крыху родны горад, зьмяніўся я сам душою і целам, зьмяніліся тыя, каго я ведаў. Некаторых нават і не знайшоў на месцы. От, аднаго дня пайшоў я да свайго старога прыяцеля, некалі бабыля, як і я цяперака, а цяпер ужо чалавека жанатага і „бацькі“. Якраз дзень быў сьвятковы, калі „адны сьвяткуюць, а другія смуткуюць“. Сьвята было і навокал. Сьвятла і сонца колькі чалавеку трэба на вясёлы дух і яснасьць уваччу. Чыстага паветра і зелені, — таксама. Здаецца, радуючыся цёпламу сьвету, ціўкалі ў гушчары тапалёвых прысадаў па абодвых бакох вуліцы вераб’і, і ад таго-ж усьміхаліся твары сустрэчаных людзей. І хаця сьвята адчувалася ўва мне, недзе ў сэрцы скробся сум, і нехта, крыху глузуючы,[3] шаптаў: „А спрабуй, павесяліся, як яны, гэ-гэ! Зьелі, браце, твой сьмех! Гэ-гэ!“ гэтак ішоў я адзін сам-насам з сваімі думкамі, аж пакуль на рагу аднэй вуліцы не спаткаў пана Шабуневіча. Ён бадай што не зьмяніўся саўсім, такі самы спакойны ў хадзьбе, такі самы пахмуры твар. Толькі ў вусы ўплялося колькі срэбных[4] нітачак і больш нічога. Тая самая статэчнасьць ва ўсей пастаці. Угледзеўшы мяне, ён дужа абрадаваўся, першы падскочыў і, па свайму старому звычаю сьціскаючы ў сваіх моцных руках мае, што яны аж захрусьцелі, адразу загаманіў:

„А! Пан зноў дома! А чаму-ж да мяне не заходзіш? Ці забыліся, дзе жыву? Гэ-гэ! час немалы, можна было і забыцца. Хадзем, хадзем! — І пацягнуў мяне ў той бок, куды сам ішоў і куды мне было якраз па дарозе.

Абрадаваўся і я, спаткаўшы дарагога прыяцеля. Распытываўся аб усім; цікавы быў — ці не пераканала пана Шабуневіча жонка на сваю старану. Але не! Жонка сваей грызьнёй зрабіла толькі, што пан Шабуневіч цяперака йшчэ[5] большы патрыёт[6]. Заахвоціўся ён да чытаньня, а злашча[7] гэткіх кніжак, скуль мог больш узяць доказаў сваей справядлівасьці; зрабіўся найшчырэйшым чытачом беларускай газэты і, пазнаўшы багата чаго новага, яшчэ другіх навучае. Кінуўся ў палітыку, стараецца, бегае, палавіну сваей вуліцы цягнець за собою і, здаецца, знайшоў, чаго ўсё жыцьцё шукаў.

Але ў апошніх часах спаткала пана Шабуневіча колькі цяжкіх няўдач. Як ня плакаў чалавек, апавядаючы[8] аб гэтым! „Ведаеце, былі гэтыя выбары ў Земства. Падзялілі нас, тутэйшых жыхароў, на курыі[9]. Як яшчэ ў пятухі не прыдзялілі, а толькі ў куры. Ну, я проста ня ведаю, што рабіць. Маю права выбіраць, цэнз[10] у мяне

  1. Лепей — красак.
  2. 3 ням. — wendren — падарожнічаць.
  3. Насьмяхаючыся.
  4. Полён. — сярабраных.
  5. Яшчэ.
  6. Лац. — той, хто любіць сваю бацькаўшчыну.
  7. Полён. — асабліва.
  8. Трэба ўважаць за полён. — расказваючы.
  9. Лац. — двор, тут аддзел, часьць выбарная.
  10. Лац. — злучэньне ўмоваў, якія даюць права; ёсьць цэнз — маемасны, адукацыйны, ценз веку, службы, і г. д. Тут — выбарны.