Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выходзіць, пры сваім варштаціку і муркаючы, як кот, пад нос сабе якую песьню, падшывае дратвай перады, ці падбівае падноскі на чаравікі. Паня Янова, як тая курка, туж[1] пад ваконцам у гародчыку полець грады і, выбіраючы па каліўцу зяло[2], не-не-ды адвернецца да чалавека: „а падзівіся, Ясечка, як бурачкі ўзышлі, ніводнае зернятка не прапала; ці бачыш, як цыбулька ў нас у цыбучкі ідзець, а расада якая зялёненькая, пэўна ўжо саўсім абмацавалася“. І пан Шабуневіч, высунуўшы галаву з ваконца, з радасьцю бачыць, як спраўдзі[3] бурачкі ўзышлі і цыбулька паперылася, і расада, абмацаваўшыся, зелянее.

— „А ведаеш, Каруся, здаецца бурачкі, гэтта, крыху густавата сядзяць“.

„Але! Заўтра я бацьвінкі згатую на абед“.

„Добра. Люблю я зеляніну! Гм… а як-жа ў нас абед сягоньня?“

„Абед гатовы. Віця прыбяжыць, і зараз есьці будзем“.

„Час, час, — у жываце ўжо нешта пабурківаець“

Праз паўгадзіны прыходзіць са школкі Віцька — ядынак[4] і ўлюбенец панства Шабуневічаў, пястунчык матчын і гордасьць бацькі — і ўсе сядаюць за стол. І пры стале дух згоды чуецца як найлепей. Бацька з сынам аж пачырванеюць ад натугі, стараючыся дагадзіць матцы, а яна, як тая ластавачка, ўвіхаецца каля стала. Падлівае ў талэрку гарачай стравы то аднаму, то другому, падсоўвае хлеба, просіць есьці, каб сыты былі. Віця апавядае[5], аб чым казалася ў школцы, як вучыцель пакараў каго-небудзь з вучняў, што спаткаў, ідучы ў школу і адтуль.

У Віці разумная галоўка. Сам бацька часам, як роўнага сабе, плясьне яго па плячу і кажа: „Ты, сынку, пойдзеш далёка! Хай ужо мы з маткай бяз жаднай адукацыі, а ты будзеш мець. Выучым цябе на дохтара, або на інжынера“… Гэтта Янова заўсёды ўстрэнчыцца[6]: „Не, лепей на ксяндза“…

А бацька на гэта: „не хачу, каб ён ксяндзом быў. Памятай ты: маці, што пад старасьць і нам дапамагаць трэба будзе. А ад ксяндза дапамога кепская; дый якая табе ахвота сваё дзіця ад сябе адлучыці? Я хацеў-бы, каб сын на маіх вачох быў, а яна ўсё не!“ Ну, Янова адпіраецца: „Я хіба кажу?! Хай сабе дохтарам будзе. Як лепей“…

— „От-жаж! А ты, сынку, як кажаш?“

— „Я, татачка, хачу ў чужыя краі паехаць. Вельмі цікава, як тамака людзі жывуць“.

— От табе і маеш! Маці з хаты выпраўляець, і сам уцячы хоча. Эх, вы!..

— Калі я казала, каб ішоў з хаты?

— А не…

Але спрэчка гэта ніколі далёка пры добрым гумары ня зойдзець. І згода пануе дзень-у-дзень, аж пакуль узноў[7] як небудзь не падкусіць яе чым адвечны наш вораг-бес.

III.

Прайшло з паўгоду, як я пазнаёміўся з панам Шабуневічам, і, у адну пекную[8] ноч, калі з саду, праз расчыненае вакно майго па-

  1. Пол. — недалёка.
  2. Зельле.
  3. Запраўды.
  4. Лепей — адзінюк.
  5. Трэба лічыць за полён. — расказвае.
  6. Полён. — спрацівіцца.
  7. Лепей - ізноў, зноў.
  8. 3 польск. — прыгожую, харошую.