Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яцелі. Ён расказаў мне невялічкую гісторыю свайго жыцьця, з тымі крыўдамі, якія ён цярпеў у сваей сям’і, і, калі мы расставаліся, каб разыйсьціся кожнаму ў свой бок, папрасіў мяне заходзіць да яго часамі: «як будзе вольны час, бо мне дык ня надта можна ад варстатаў“.

Пан Шабуневіч паходзіць ад каталіка, а матка-нябожчыца была праваслаўнай. У мэтрыках пішацца „каталіцкай веры“, але нічога ня меў ён і да праваслаўя. Бацькі, хай іхным душачкам у Бога вечны спакой будзе, пакінулі яму ўспадку кавалак зямлі, так што добры агарод выходзіць, ды хатку. Навучылі майстэркі — праз пяць гадоў тэрмінаваў[1] у суседа пана Бэрковіча і навучыўся шавецтву. І ажанілі, узяўшы яму ў жонкі дачку пана Німартовіча, шляхцянку з Старога Папеля. Дык цяперака, маючы з чаго жыць, маючы жонку, сынка, мог-бы пан Шабуневіч, здаецца, жыць і Богу дзякаваць, але каб усё так было, як здаецца.

Уся бяда з жонкі ідзець. Паня Шабуневічыха лічыць сябе і мужа „польскай веры“ і дзеля таго ня спушчае свайму гаспадару ані рэлігійнай бесстароннасьці, ані яго „простай“, „мужыцкай“ мовы. Каталічка аж з „дзесятага калена“ заўсёды выракала і вытыкала яму:

„Ты грэх робіш, а ты ў царкву ходзіш, а ты не саромішся, а ты на людзей не ўважаеш, а ты сам сябе і мяне не шануеш, бо гаварыць, як у тваім стане сьлед, ня хочаш“ і пачне і пачне. Што ты ёй на гэта скажаш?! Кажы не кажы, што і Бог адзін, што і Матка Боска, і Пан Езус — адны на ўвесь сьвет, яна ўсё сваё. Ты ёй слова, яна табе два, ты ёй два, яна табе тры. Дык пан Шабуневіч ніколі доўга не спрачаўся, калі жонка пачынала аб веры.

Але калі Янова прычэпіцца да яго за „простую гутарку“, тутака пан Ян, не уважаючы на свой спакойны, па бацьку нябожчыку, характар, ніколі ня ўступіць. Тутака жонка з ім нічога ня зробіць. Упрэцца, як вол каля стайні, і ні туды, ні сюды. Йшчэ пашкелівае[2] часамі з яе „польскае мовы“: Я в огродзе полем грэнды, а мой Янка сюды, тэнды, ах, Ясенко муй коханы, дам паясэк прэтыканы“…[3]. Ды йшчэ гэтак усьмяхаецца, што пані Яновай вочы выскачыць гатовы са злосьці. Колькі разоў быў я сам сьведкам гэтых спрэчак. Нават заслужыў няміласьць у Яновай. Бо калі здаралася мне папасьці да іх за судзьдзю, дык, і асьцерагаючыся, і ўсё, але заўсёды судзіў у карысьць мужа. Прызнаціся[4], тады мне нясоладка было пад яе вокам. Зьесьці гатова.

II.

Ну, але і на вайне ёсьць замірэньні, і на моры пагода. Пануюць яны і ў гэтай сямейцы часамі. Тады, Божа мой, ня трэба лепшай пары на сьвеце. Проста радасьць бярэць, як убачыш, якую пару бог злучыў. Адно аднаго слухае і паважае, адно другому стараецца дагадзіць, гукаюць паміж сабой лагодненька, міленька — галубкі, дый годзі! Пан Шабуневіч, седзячы ля ваконца, што ў вагарод

  1. Адбываў тэрмін, вучэньне.
  2. Жартуе, кпіць.
  3. Я ў гародзе палю грады, а мой Янка сюды, туды, ах, Ясенька мой мілы, дам паясок ператыканы.
  4. Провінц. — прызнацца.