Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аднак ня шкодзіла мне слухаць яго далей і далей, ня выпушчаючы з вушэй ніводнага слова. Ён журыўся на чорную нядолю, якая агарнула бацькаўшчыну, на глуз і зьдзек, што запанавалі над ёю, на атрутнае занядбаньне роднай мовы. Запрашаў усіх, у каго ёсьць „крышку сэрца і кропелька міласьці“, „даць у іх месца выгнанай стуль Бацькаўшчыне“. Словы гэтыя былі мне — ой, ці мне толькі? — сякучы меч і гаючая вада адразу. Калі праўдзівым дакорам расьцінаў ён сэрца, то й добрым словам гаіў яго, бо даваў надзею, што ёсьць мага хоць што, калі ўжо ня ўсё, паправіць. Моцай2) іх падняў ён мяне па-над гэтай саляй, па-над гэтымі людзьмі і памчаў за горад, за лес, за палі, у бязконцы цёмнай ночы. Шумелі курганы, быццам прыціснутыя цемняй, ляжалі палеткі, пачарнеўшыя з нядолі, раскідаліся вёскі. Маўчала зямля… і адзін вецер толькі трывожыў гэту цішу. Калыхаючы старыя крыжы на курганах, блукаючыся пад саламянымі стрэхамі, блудзіў ён — ціхі стогн. Ціхі, ціхі… Як слабыя шэпты сьцепавога сухабыльніку.

„Божа мой. Божа мой“!

Блізкасьць і праўдзівасьць гэтага стогну-шэпту зноў зьвярнулі мяне да тэй салі і людзей, сярод якіх я стаяў. Азірнуўшыся навакол, я ўбачыў, што мой сусед з левага боку, чалавек ужо сталага веку, з невялікай лысінай па макоўцы, з доўгімі спадзістымі вусамі на круглым і строгім твару, чырвонай хустачкай гаротліва выціраў дзьве рыскі, што глыбока ўрэзаліся ў твар ад пераносься аж да вусоў, ля краю вуснаў. Вочы яго чырванелі, як хустачка, і блішчэлі.

Відаць нейкая цягасьць у сэрцы расчуліла чалавека.

З усей, прыязьню і спогадзьдзю, якія я толькі здолеў паказаць на сваім твару і ў голасе, я адважыўся запытацца: „аб чым васан“?[1]. Маё неспадзяванае запытаньне засароміла, ці перапудзіла суседа; мо’ яму здавалася, што яго ніхто ня бачыў, ці што.

Адхіснуўшыся крыху, быстра зірнуў мне ў вочы, потым памкнуўся, як-бы шукаючы дапамогі, туды да амбоны, дзе ўжо стануў другі, йшчэ раз даўжэй паглядзеў мне ў твар і ў вочы і, відаць, не паверыўшы мне, марматнуў: „Так-сабе! — Проста ў галаву ўлезла“. І, адвярнуўшыся ад мяне, зрабіўся, як каменны, уляпіўшыся вачамі ў амбону. Але праз хвілінку парухаўся і набраўся адвагі, ці ўжо пачуцьці не давалі маўчаць, зьвярнуўся да мяне і, паказаўшы галавой на амбону, высмаліў: „От гэта, аб чым казалі!.. Ці-ж я не казаў?! Га? Усё праўда! Далі-Бог, праўда! я паказаў!..“

Пасьля, панізіўшы голас, ужо пэўны ў маёй асобе, бурчлівым, як-бы каму вымаўляў, на некага гневаючыся, голасам, цягнуў далей:

„Здаецца другому дурню, што зьмяніў ліповыя падошвы на раменныя, дык ужо і сам-ня-сам зрабіўся. І лапці ганіць, і з сярмягі сьмяецца, а над сваей гутаркай, якой маці пеставала, кпіць[2], ажно слухаць прыкра. А хай-жа бязглузды прыйшоў-бы сюды, ды паслухаў, як людзі кажуць“…

І, кінуўшы яшчэ раз вокам у бок амбоны, сусед мой пакіраваўся да дзьвярэй. Мне самаму не хацелася болей стаяць і слухаць, бо лічыў, што нічога цікаўнага не пачуеш ужо гэтта, і дзеля таго я пасьпяшыў таксама выйсьці разам з ім. На вуліцы быў позны вечар, калі мы, хлопаючы галёшамі, ішлі і зюкалі[3] сабе, як даўнейшыя пры-

  1. Васпан, форма зварот.
  2. Полён. — насьмяхаецца.
  3. Гутарылі.