Ня прыхільны, як сіротка,
Ня прыласканы нікім,
Ведаў хлопчык, як салодка
Жыць вось так, сабой самым.
На Сымонку даўно ў хаце
Ўсе махнулі ўжо рукой.
Не радзіцца-б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточках, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У зьнявазе чорнай, зьдзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,[1]
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, рука,
Дзе рот лішні на прымеце
І так топчацца сямсёй,
Лепш-бы там ня жыць на сьвеце
Дзеткам з чуткаю душой!
І Сымонка чуў і бачыў,
Як крыўляліся дзядзькі,
Ведаў, што ў сям’і ён значыў;
Нават родныя бацькі
Папракалі[2] сына хлебам
Пры абедзе за сталом.
Ён — завала, ён — нязгрэба,
Ён радзіўся гультаём!
Горка стане бедачыне,
Ня прыхіліцца нідзе,
Тады толькі жаль астыне,
Як пажаліцца дудзе.
На прывольлі, сеўшы ў полі,
Сумна стане хлопчык граць;
Льлюцца, таюць зыкі болю,
Аж колоцяцца, дрыжаць,
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі сьлязьмі,
То ў гару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць на зямлі
І жалобна заміраюць
Немай жальбаю глушы,[3]
То зноў ціха зачынаюць
Гоман сэрца і душы.
— Ось, глядзеце, здольна грае,
Як дудар той запраўскі![4]
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрца на кускі, —
Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць, —
Так-жа грае ён прыгожа, —
Серп застыне ў іх руках
І павісьне жменька збожжа
На разогнутых плячах.[5]
Але дудка замірае,
Як-бы той дзявочы ўздых,
І паволі заціхае
У прасторах дзесь пустых.
|