Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Родны край.

О край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары — лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Ад’значаюць гожа пуць?!
Гэй, адвечныя курганы,
Сьведкі прошласьці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, ня скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бяжыцё ў далячыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад сьветлую Дзьвіну.
Край мой родны! дзе-ж у сьвеце
Край другі такі знайсьці,
Дзе-б магла так поруч з сьмецьцем
Гожасьць пышная ўзрасьці?
Дзе-бы вобруку з галечай
Расквятнеў[1] багацтва цуд[2]
І дзе-б з долі чалавечай
Нясьмяяліся, як тут?…
Скрозь вяночкі дрэў вясёла
Над мястэчкам ці сялом
Цэрквы, стромкія касьцёлы
Вежы ўзносяць к небясом.
А званіцы перад сьвятам
У касьцёл, царкву завуць,
Каб прад богам і прад братам
Віны ўсе свае пачуць.
Родны край! у божа імя
Ў чэсьць касьцёлаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа вышла трасяніны —

  1. Пол. — расцьвіў.
  2. цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.