Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сам бяз шапкі, босы ногі,
Грудзіна раскрыта;
Б’юць каменьні аб нарогі,
Скрыгацяць сярдзіта.

І шуршаць пяскі буйныя,
Як жарства рачная,
Ходзіць подскакам ў дрыготках
Сошачка крывая.

Аратай ідзе спавагу,[1]
Мерна, крок за крокам.
Вузка доўгая палоска,
Не акінеш вокам.

Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае,
Сам назад ўвесь падаецца;
Конік службу знае:

Сам заходзіць без панукі,
Без команды, спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.

Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.

Аратай-жа, завярнуўшысь,
Спыніць друга-сіўку,
Слова ласкавае скажа
І паправіць грыўку;

Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як-бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.

— Змардаваўся?[2] адпачынь, брат!
Пастаім, пакурым;
Вератнік[3] мы гэты скончым,
Спачываць патурым.

Конік трэцца галавою
Аб яго кашулю;[4]
Адпачыўшы, зноў ён цягне
Сошачку-крывулю.

А аратай, задуменны,
Зноў ідзе ступою.
Моцна, моцна[5] іх зрадніла
Праца за сахою!

— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы! —
Носіцца па полі.
Конік, сошка і аратай
Мерна йдуць паволі.

Эх, ты поле! колькі сілы
Тут затраціць трэба!
Цяжка, цяжка дастаешся
Ты, кавалак хлеба!

|}


Няшчасная маці.

У кожную ночку, як сьвет заціхае,
І зоркамі гляне гара,
Халодныя нутры зямля раскрывае,
З тых нутраў выходзіць мара.[6]

Ідзе яна ціха, як ночка, панура,
Ідзе пад крыжы — растанцы́,[7]
Стаіць нярухома, выглядвае хмура —
Усе аглядае канцы.

І далей бяз шуму ідзе на балоты,
Ідзе, не крануўшы расы,
І плачуць ёй сьледам пудліва чароты,
І ціха шумяць ёй лясы.

  1. Паважна.
  2. Полён. — змучыўся, змарыўся.
  3. Кавалак поля — мера.
  4. Лепей — сарочку.
  5. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  6. Здань, зданьнё.
  7. Што стаяць на крыжаваньні дарог.