Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Абходзіць магілы, на прыклад[1] садзіцца
І сёлы вартуе яна,
Па роднаму краю снуе і цяніцца,
Заўсюды панура, адна…

∗     ∗

І людзі гавораць, што часта чувалі
А поўначы плач на палёх
І часта кабету адну сустрачалі,
Гаротную, ўсю ў рызманох.[2]

І чулае вуха той плач улавіла.
„Ой, дзетанькі!“ — плача яна:
„Ці-ж я за тым вас на сьвет нарадзіла,
Каб век заставалась адна?

Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што-ж вы зракліся мяне?
За што вы матулю жывой пахавалі?“ —
Так плача ўсё здань ў цішыне.

|}


Тройка.

Коні скачуць. Дзын-дзын дзын!
Гучны звон нясецца
І далёка між раўнін
Ціхім жалем льецца.

Ціхне, глухне гэты звон
Ўскочыўшы ў гаёчак,
Ўсё слабее, ціхне ён,
Кволы[3] галасочак…

Вось і тройкі ня відаць,
Праняслась стралою,
І званочка ня чуваць
Плачу пад дугою.

Толькі пыл трубой курыць
Над дарогай бітай;
Поле ціхае глядзіць
Сіратой забытай.

І пытае ціш[4] яго
Поглядам, здаецца;
Хто праехаў і чаго
І куды нясецца?

І ня будзе знаць, стралой
Куды тройка скача,
І званочак пад дугой
Чаго ціха плача.


Звон шыбаў.

Ноч маўкліва. Цёмна, глуха.
Прылажыла чутка вуха
За вакном старая вішня;
Штось прамовіць: шу-шу-шу!
І заціхне, бы баіцца
Памыліцца

І сказаць што-небудзь лішне.
Я лажусь, агонь тушу.

Неба хмура, няпрыветна;
Зрэдка ветрык чуць прыметна
Скулься ціха набягае
І галінкі згайдане
І зьнікае, ці дзесь далей
Бяжыць хваляй,

Байку тайнасьць ціха бае
Анямелай цішыне.

  1. Прыклад над магілаю, капец.
  2. Пэўна ад — рыза, адзежа сьвяшчэньніка; трэба разумець — лахманы, падраная адзежа.
  3. пяшчотны — замяняе прывіванае аднойчы слова з гэтым значэньнем — кволы (рас. — нежный). Трэба прызнаць, што другое слова (кволы) ня зусім замяняе рас. — нежный; яно мае асаблівы адценак — слабы, ломкі, вялы… Першае — адказвае больш. Тут маем і — пястун (неженка), пясьціць і г. д.
  4. Лепей — цішыня.