Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Песьня няволі.

Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар…
Ой, неба глядзь[1] далёкая,
Крыштальная, глыбокая!

Як моцны гук, прызыў вясны
З тваей пачуўся вышыны![2]
Прастор, прастор і воля там,
Але ня нам яны, ня нам!

Запёрты мы, прыдаўлены[3]
Рашоткі[4] нам настаўлены.
Высок, высок паркан-сьцяна,
Нам песьня волі ня чутна…

Ня нам вясны прастор, лучы,[5]
Ня бійся, сэрца, і маўчы!
Ў няволі годы адцьвітуць…
Не плач, душа! ня рвіся, грудзь.[6]


З зборніка „Водгульле“.

Перад бурай.

Сінь і глыб бяз канца — края…
Ціш і згодачка сьвятая
Неба, землю абнялі.

Сонца зранку жарам пыша,
Ветрык лісьце чуць калыша,
Вее чуць паўзьверх зямлі.

Лес і поле з збажыною,
Апавітыя смугою[7],
Задуменныя стаяць.

І сярод цішы трывожнай
Над замелькаю набожнай
Сталі хмаркі вынікаць;

Ды так ціха, так пужліва,
Як-бы зданкі або дзіва
Невядома скуль ўстае.

Шырыць сонца клуб іх белы
І маланак-громаў стрэлы
Ім на страх куе.

А зямля як-бы замлела,
Нават дуб стары нясьмела
Зрэдка лісьцем павядзе.

Змоўклі ўсе вакруг абшары,
Бо замысьлілі[8] штось хмары…
Ой, знаць, бура загудзе!


На ніве.

— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы!
Ну, яшчэ, маленькі!
Варушыся, гэй, ня бойся,
Конік мой сівенькі! —

Ў полі зранку за сахою
Аратай гукае,
Сіўку, друга ў цяжкай працы,
Просіць — панукае.

  1. Лепш — гладзіня.
  2. Лепш — вышыні.
  3. Рус. — прыдушаны.
  4. Тое самое, што і — краты.
  5. Рус. — коскі, прамені.
  6. Рус. — грудзі.
  7. У пераносным значаньні — смуткам, нудою.
  8. Лепш — задумалі, ад — думка.