Хоць пагарду цярплю,
Мушу быць глух і нем.
Хоць сьвет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем…
З цяжкай працы мае
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма „дзякуй“ нідзе.
Глянь: высокенькі бор, —
Вокам нельга прабіць, —
Загудзеў мой тапор,[1] —
Як блін, поле ляжыць!
Сошку з вышак сьцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Сьпіну трохі прыгнуў, —
Лес на пахань[2] зрабіў!
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў.
Пан пшанічкі тачок,
Люба глянуць, наклаў.
Так вот, людцы, які
Я мужык беларус:
Над ілбом сінякі,
Цёмны сам, белы вус
Эй, каб цёмны ня быў,
Чытаць ксёнжкі[3] умеў, —
Я-бы долю здабыў.
Я-бы песенькі пеў!
Я-б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век!..
|}
Не праклінайце
Лапцяў ліповых,
Не пагарджайце
Лапцяў лазовых.
З імі шануйце
Цяжкую працу.
Лапатнік корміць
Пана з палацу.
З часам-жа лапці.
Гаю, ой гаю!
Выпра дастатак
З нашага краю;
Людзі абуюць
Боты, камашы,
Прыдзе загуба
На лапці вашы,
Но[4] з іх адзін хоць
Мусе[5] астацца,
Ў царкве завісьне,
Дый на падклаццы.
Вушкам, аборай
Скурай падсподам
Памяткай будзе
Прышлым[6] народам.
Будзе ён сьведчыць,
Як у няволі
Кепска жывецца
У хаце і ў полі,
Як людзей сотні
Лапці цягалі,
Каб багачы ўсе
Ў золаце спалі.
І пройдуць леты,
Многія векі, —
Зьменяцца людзі
Можа і рэкі, —
Лапаць-жа будзе
Ў царкве вісеці.
Люд аб ім будзе
Песенькі пеці.
|
Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны,
Сярпом махаючы крывым.
Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,
Пры доўгай постаці стаім.
I дружна жнём,
І паддаём
Адна аднэй
Ахваты больш,
І песьню жаласна пяём,
Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан-дабрадзей,
А над усімі злы аконам[7]
Стаіць, ганяе жаць бардзей.
І мы ўсё жнём… (як раней)
Агніста сонца прыпякае,
Ў губах язык засох, як косьць,
Пот горкі вочы залівае,
Змачыў кашулю[8] ўсю, як ёсьць.
А мы ўсё жнём (як раней)
|
- ↑ Русіц. — Сякера.
- ↑ Ральлю.
- ↑ Полёнізм, — кніжкі.
- ↑ Русіц. — пабелар. — але.
- ↑ Провінцыялізм, — мусіць.
- ↑ Полён. — будучым.
- ↑ Лац. — наглядчык над работай у двары.
- ↑ Полён. — пабел. сарочка.