Дрэнна маё жыцьце —
Усё ідзе ня ў лад;
І крычаць усюды:
„Асадзі назад!“
Божа ты мой мілы!
Б‘юся я, як гад;
Толькі-ж куды выйду —
„Асадзі назад!“
Помню, я жаніўся —
Добры быў мой сват!
К дзеўцы нос паткнулі —
„Асадзі назад!“
Дзеўка была важна —
Багатыр Кандрат
Ногу мне падставіў,
„Асадзіў назад!“
Трапіў я у горад,
Быў як-раз „парад“.[2]
Лезу я уперад —
„Асадзі назад!“
Пуста у засеках,
Жыта пабіў град…
— Дай, старшынка, ссуды![3]
— Асадзі назад!"
Я з капейкі зьбіўся,
Зарабіць я рад.
Ці няма работы? —
„Асадзі назад!“
Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат…
— Памажэце, людзі!
— „Асадзі назад!“
У вёску хлеб прыслалі, —
Там галодных шмат…
Пруся я з мяшэчкам…
— „Асадзі назад!“
Сына свайго ў людзі
Вывеў-бы Ігнат.
— Ось, мой сын, паночкі…
„Асадзі назад!“
|