Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як селянін — у часы рэволюцыйнага уздойму — Колас р'волюцыйны, у часы рэакцыі — пяе сваі „Песьні жальбы[1]. З усіх нашаніўскіх пісьменьнікаў у Коласа ўласьне элегічны, смутны тон прабіваецца найболей яскрава. Селянін — дзіця прыроды, стаіць так блізка да яе, што амаль зьліваецца з ею. Колас — маляр беларускае прыроды і чуе такую любасьць да яе, што яна сама, здаецца, адбіваецца ў радкох яго твораў. Як маляўнік прыроды — Колас стаіць па-над усімі беларускімі пісьменьнікамі і поруч з лепшымі пісьменьнікамі сусьветнымі. Колас, апроч таго, выдзяляецца, як псыхолёг, душавед. Выведзеныя ім беларускія тыпы задзіўляюць нас псыхолёгічнаю праўдзівасьцю. Асабліва Колас выдзяляецца, як знавец дзіцячае душы. Ён тут — вучыцель, пэдагог.

Колас нарадзіўся ў 1882 г. ў в. Мікалаеўшчыне, Менскага павету, ў сям‘і беднага селяніна, які потым наняўся палясоўшчыкам. Па сканчэньні пачаткавай школы ў Мікалаеўшчыне, Колас паступае ў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю і потым робіцца настаўнікам.

1906 г. за зьезд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне быў звольнены з службы і знаходзіўся пад наглядам паліцыі. 1908 г. быў засуджаны на тры гады ў турму і адседзеў гэта ў Менску. З 1912 г. зноў застаўся настаўнікам. У часе вайны быў забраны ў войска, разам з ім адышоў у глыбіню Расеі, але хутка быў звольнены па нездароўю і жыў у Курскай губэрніі. 1921 г. пераехаў у Менск, дзе жыве і цяпер.

Пачаў пісаць яшчэ, калі яму было 12—13 гадоў, і зразу-ж пабеларуску. Былі гэта насьледаваньні баек Крылова. Тады-ж напісаў і самастойны верш: — „Вясна“, які, мусіць, і застаўся ў рукапісу. Друкаваць творы пачаў у „Нашай долі“, потым у „Нашай Ніве“, а поруч яны выходзілі асобнымі выданьнямі. Пісаў і вершам і прозай пад рознымі псэўдонімамі. Найбольш вядомыя: Якуб Колас у вершах і Тарас Гушча — у прозе.

Асобныя кніжкі:

1)Песьні жальбы“, Вільня 1910 г. — зборнік вершаў.

2)Апавяданьні“, Вільня 1912 г. — зборнічак даўжэйшых расказаў.

3)Родныя зьявы“, Вільня 1914 г. — найбольшы зборнік расказаў у прозе.

4)Сцэнічныя творы“, Менск 1917г. — („Антось Лата“ і „Па дарозе да новага жыцьця“).

5)Сымон—Музыка“, Менск, 1918 г. — поэма вершам.
6)Казкі жыцьця“, Коўна, 1921 г. — зборнічак расказаў у прозе.

7)Водгульле“, Менск 1922 г. — зборнік вершаў.

8)Новая зямля“, Менск, 1923 г. — вялікая поэма вершам.

9)У палескай глушы,“ — Менск, 1923 г. — повесьць.

Апроч таго, выдаваліся меншыя кніжкі (Нёмнаў дар, Тоўстае палена і інш.).

Трэба зазначыць яшчэ, што Колас, як вучыцель, прычыніўся і да выданьня кніжак для школы: „Другое чытаньне“ Вільня 1909 г. і інш. У вапошні час выйшла яшчэ некалькі зборнічкаў прозы Коласа, як „Крок за крокам“, „На рубяжы“, „Беларускія народныя казкі“, „Першыя крокі“, „У ціхай вадзе“ і інш.


  1. Так названы адзін з зборнікаў яго вершаў.