Зьява XII-ая.
Тыя самыя і Пранцісь — Адольф — Агата.
Пранцісь [бяз шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа]. Собственно, пане добрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.
Агата [цягнучы вузлы]. А як-жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага вакна капаўся.
Паўлінка, Сьцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?!
Пранцісь. А так, так, пане добрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сьцяпан [да Адольфа]. Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасьці, зладзюга, каханенькі-родненькі?!
Адольф [заікаючыся і неразумеючы, у чым рэч]. Я… Я… зьбіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз вакно, кудой выехаць.
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз вакно павыцягваў. Можа і шапку маю украў?
Агата. Ты зараз, п’яніца, тудэма-сюдэма, і голаву забудзешся. Гэта-ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзіўся, што шапкі забыўся.
Пранцісь. Собственно, а баба на што, каб усяго пільнавала? Але злодзея, пане добрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.
Сьцяпан [да Паўлінкі]. Дык гэта ты, каханенькая-родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі.
Паўлінка [глуха]. Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!
Сьцяпан [самадавольна]. Хе-хе-хе! Ужо гэтае мужыцкае насеньне ня будзе больш нашых сьцежак паганіць.
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі!
Сьцяпан [да Адольфа]. А ты, каханенькі-родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды,[1] вон з мае хаты, каб твая і нага тут ня была! Ня мог, як трэба, пахрысьціянску — з сватам, з запаведзямі — маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз вакно вывалачы! Вон! вон!
Адольф. Я… я… Толькі хацеў дарогі запытацца…
Пранцісь [разьвязваючы вузлы]. Собственно, злодзей, пане добрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз вакно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцэль, вось-цо-да!
Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі! [Дзіка]. Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!! [Як сноп валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкні: „вады! вады!“).
Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, у мяне ёсьць кроплі. [Дастае з кішані пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай].
Агата [кідаючыся да Пранціся]. Тудэма-сюдэма, ашалеў!..
Сьцяпан [панура]. Каханенькія-родненькія, дзьве дзюркі ў носе і скончылося!
Заслона.
- ↑ Палянізм — зары;