Голас з-за вакна [прыдушаны]. Я!.. Я!..
Паўлінка [углядаючыся ў вакно, у старану]. Нічагусанькі ня відаць! Цемната страшэнная! [У вакно] Хто — я?
Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці-ж не пазнала?
Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.
Голас. Ды мне нічога ня трэба!
Паўлінка. Мала што — ня трэба, а я вазьму… [Хутка ідзе к ложку, зьвязвае падушкі і коўдру ў пасьцілку]. Ну, ўжо гатова! [Адчыняе вакно і выкідвае вузлы]. Пераймай, а зараз — і мяне! [Да сябе]. Трэба з бакоўкі ўзяць апратку і хустку, толькі-б хаця старыя не прабудзіліся. [Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль, адзеўшыся]. А цяпер і сябе трэба выкінуць! [Шыбка ідзе к вакну. Чуваць шорах у бакоўцы].
Зьява Х-ая.
Паўлінка — Сьцяпан.
Сьцяпан [выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай]. Хто тут? Хто тут лазе а поўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! [Паўлінка, перахрысьціўшыся, кідаецца ў вакно. Сьцяпан убачыў]. Гвалт! Злодзей! [Бяжыць к вакну і хватае Паўлінку за ногі]. Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!..
Зьява ХІ-ая.
Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.
Альжбета [выбягае — як і Сьцяпан — акрыўшыся коўдрай; уся трасецца]. Матачка Найсьвеншая![1] Што тут робіцца?! [Мацае на сьцяне]. Зараз, зараз нясу стрэльбу. [Хватае за гіру ад гадзіньніка; гадзіньнік з грохатам валіцца са сьцяны і разьбіваецца]. Ай! Што-ж я нарабіла?!
Сьцяпан [трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты]. Куды цябе немач упёрла? Падкруці хутчэй лямпу ды памажы цягнуць!..
Альжбета [бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
Паўлінка [перавесіўшыся праз вакно] Цягні, братка, ямчэй!
Альжбета [падкруціўшы кнот і бягучы к Сьцяпану]. Божухна мой! Гэта-ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?
Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, не мялі языком, ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.[2]
Паўлінка. Мацней, мацней,[3] браток!
Альжбета [памагаючы Сьцяпану цягнуць]. Што ты, дзеткі, адурэла, ці што? [Сьцягваюць Паўлінку з вакна на хату].
Сьцяпан. Ты гэта, каханенькая-родненькая, куды манілася ляцець?
Паўлінка [апіраючыся рукою аб стол, патупіўшыся]. Я!.. Я!.. хацела замуж ісьці!
Сьцяпан і Альжбета. Праз вакно?!
Паўлінка. А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ня пускаеце.