Пранцісь. Собственно, ці сьвіньні елі, ці шляхта папасвалася гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане добрудзею.
[Паўлінка і Адольф перакідаюцца некалькімі словамі і выносяць судзьдзё ў другую палавіну хаты. Пранцісь з Агатаю выходзіць, каб ехаць дамоў].
Зьява VI-ая.
Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета.
Паўлінка. Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі, трэба вось як: (паказвае). Ну, і зграбны-ж! не раўнуючы, як вол да карэты.
Адольф. А панна Паўлінка ўсё камплімэнты[1] мне гавора[2].
Паўлінка (ў старану публікі). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
Альжбета (да Сьцяпана, каторы клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць! Гэта-ж табе тут не карчма.
[Сьцяпан гаворыць некалькі прыказак аб тым, што сон ня кепская рэч і, зьбіраючыся ісьці спаць, пытаецца ў Адольфа, ці падабаецца яму Паўлінка. Той радасна гэта падцьвярджае. Сьцяпан, разьвітаўшыся з ім, ідзе ў бакоўку].
Зьява VII-ая.
Паўлінка — Адольф — Альжбета.
Альжбета (сьціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа ў карты пайграеш з панам Адольфам ?
Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.
Паўлінка. Ці-ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцеся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце — ня жартачкі!..
Адольф. О, конь мой добры!
Альжбета. Ну, дык і чаго-ж сьпяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.
Паўлінка (у старану). Чаго добрага — заначуе, вот будзе бяда. (Паглядаючы ў вакно). І цемра-ж страшэнная! (Голасна). А пагода сягоньня ня дрэнная! Нават месяц сьвеце,[3] што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.
Адольф. А хоць-бы і дрэнная, дык мне блізка; жарабец мой у мамэнт дамчыць.
[Альжбета зьвяртаецца да Паўлінкі, кажучы паглядзець, дзе карты, а сама зьбіраецца спаць].
Адольф (цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара паньне Паўлінцы.
Паўлінка. Паглядзім — хто каму?! (Шукае картаў. Альжбета выходзіць у бакоўку).
Зьява VIII-ая.
Паўлінка — Адольф.
Адольф. Чаго паненка шукае?
Паўлінка. Таго, чаго яшчэ ня маю — карт.
Адольф [глянуўшы на вакно]. А вось яны! — на вакне.