Сьцяпан [да Агаты]. А мы з свацьцяй, каханенькая-родненькая! [Музыкі іграюць Лявоніху. Жанчыны трохі ўпіраюцца, але пасьля ідуць; за імі рэшта гасьцей. Паўлінка — з Адольфам].
[Скачуць з прыпеўкамі. Пасьля танцу Пранцісь заводзіць са Сьцяпанам жартаблівую гутарку, жалячыся, што змарыўся. Агата і Альжбета адказваюць ім таксама востра].
Паўлінка [да Адольфа]. Ну, як-жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас Лявоніха выходзе, чымся тое нейкае „падзі-кварта“. І прыпеўкі складныя знаеце!
Адольф [нібы скромна]. А трохі-ж нейкіх наўчыўся калісь.
Адзін з гасьцей. Пара нам і чэсьць знаць! Пэўне ўжо каля поўначы матаецца.
Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!
Паўлінка [з аблягчэньнем, у старану]. Дзякуй Богу! [Да гасьцей]. А можа-б яшчэ пагулялі?
Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык ня шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.
Колькі галасоў. Не! Не! Ўжо час і пара!
Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша сыграюць, каб весялей усім сьнілася і каб моцна-моцна[1] ўсім спалася.
Сьцяпан. А гэта ня шкодзе![2] (Да музыкаў). Што-ж, каханенькія-родненькія, сыграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там дзьве дзюркі ў носе, і кончылося. (Музыкі іграюць марш. Госьці адзяваюцца, прашчаюцца і выходзяць, за імі — музыкі).
Зьява V-ая.
Сьцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вясельле ў Паўлінкі.
Паўлінка. Э-э! Майго вясельля ніколі ня будзе, значыцца, і шумна ня будзе.
Адольф. Ці-ж у бацькоў маладога, паненка думае, ня хваце[3] на вясельле?
Паўлінка. Хваце, ня хваце, а такі вясельля майго ніхто ня ўбача[4].
Сьцяпан. Гэта, каханенькая-родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсьць і ў сваёй хаце — гаспадар, а ня госьць! Жыта повен аруд[5] і сала не адзін пуд.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам, ці вясельле, ці павесіў — адно на другое, пане добрудзею, выходзе.
Агата. А ты, вось-цо-да, прыкусі свой язык і ня тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ня просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!
Альжбета (да Агаты). Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ня кажа (да Паўлінкі). Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала!
- ↑ моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
- ↑ Провінц. — ня шкодзіць.
- ↑ Провінц. — хваціць, хопіць (лепей).
- ↑ Таксама — убачыць.
- ↑ Засек.