Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую-ж бы панна Паўлінка хацела?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.[1]
Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары):
Плываё голэмбі, |
Паўлінка. А такі-ж нічога ня будзе.
Адзін з гасьцей. Ці-ж гэта голэмбі плаваюць, а лабэндзі лятаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім ня буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае, ды пяе; ведама, блазнота, што яны знаюць?
Паўлінка [паглядзеўшы ў вакно]. Выбачайце, пан Адольф! У мяне наўмысьле вылецела слаўцо.
Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім! Больш ня будзем!
Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку[2]; яна ў цябе, — прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
Адольф. Ну, ўжо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
Колькі галасоў. Не, не! Ня будзем!
Адольф [пяе]:
Гляджу я бяз толку на хладную шаль |
Паўлінка [душачыся ад сьмеху]. Ці-ж у пана Адольфа чорная душа?
Адзін з гасьцей Нашто-ж пан глядзіш на яе бяз толку?
Адольф [насупіўшыся]. Болей пець вам ня буду, хоць на каленях прасеце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! [Садзіцца].
Паўлінка. Дык і сьпяём, калі пан Адольф такі ня кемкі, што нават жартаў не разумее. [У старану]. Эх, скарэй-бы ўсё гэта кончылася!
Адзін з гасьцей. А такі-ж сьпяём, і ўсе разам.
Паўлінка [да Адольфа, хітравата]. А пан Адольф нам паможа?
Адольф. І ня думаў.
Колькі галасоў. А што мы сьпяём?
Паўлінка. „Дый куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся“…
Адольф. Фі, мужыцкая!
Паўлінка. А пан Адольф можа-б хацеў, каб завялі якога манчыза?
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане добрудзею!
Сьцяпан [да Пранціся, сьціха]. Каханеньні-родненькі, ня кратайце яго. Ён, бачыш, як я ўжо й казаў, масьціцца к маёй Паўлінцы. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.