Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адольф [танцуючы, прыпявае]:
Танцовала рыба з ракем,
А петрушка з пастэрнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо петрушка танцовала[1].
Паўлінка [адпяваючы]:
А на печы, на лучыне
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера,
Дый купілі кавалера.
Адольф.
Дзяўчынэчка, суха, бляда,
Я до цебе ў госьці яда,
І конікув не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.
Паўлінка.
У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!
Адольф.
Сядзіць голуб на каліне,
Салавей на ветке;
З адной дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.[2]
Паўлінка.
Ажаніся, не ляніся
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш сьвіньні пасьвіць,
З другой — заганяці.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Сьцяпан [як сціхла гульня]. Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян[3] да ружанцаў.

Пранцісь [пацягваючы з пляшкі]. Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішані пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму ды мой розум растропны, дык зусім было-б добра, пане добрудзею.

Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

Альжбета [да Пранціся]. Можа-б чаго, сватка, закусілі?

Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. [Да гасьцей]. А вы, пане добрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты ня гоне,[4] вось-цо-да.

Паўлінка [да Адольфа]. Можа пан Адольф сьпяіцё нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны[5] голас маеце.

Адольф. Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у другіх.

Колькі галасоў. Дык проша сьпець. Мы ўсе просіма.

  1. Польскі прыпевак на беларускі лад, як і ўсе, што пяе Адольф Быкоўскі.
  2. Расейскі прыпевак.
  3. Прыслужнік у касьцеле.
  4. Провінц. — ня гоніць.
  5. Збеларушчанае польскае слова — piękny, пабелар. — харошы, прыгожы.