Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паўлінка [хочучы адабраць]. Гэта маё. Аддайце мне, тата!

Сьцяпан. Я пытаюся — хто гэта?

Паўлінка. Ці-ж тата ня бачыце?

Сьцяпан [са злоснай насьмешкай]. Ха-ха-ха! Якім… Хай-жа ён прападзе саўсім. [Хоча рваць, Паўлінка адбірае].

Паўлінка [праз сьлёзы]. Аддайце, татачка, аддайце, ня рвеце! Ня зьдзеквайцеся над ім!

Сьцяпан [адпіхнуўшы ад сябе Паўлінку]. Адчапіся ад мяне, гіцлёўка[1]. Я вам тут наразводжу шашняў… [Стукат у сенцах. Уваходзяць: Пранцісь, Агата, а за імі — Альжбета. Паўлінка стаіць, патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубець пальцамі хвартух].

Зьява XV-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

Пранцісь. Глупства, пане добрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, ня дзе падзенецца.

Агата [дражнячы]. Вось-цо-да! вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкаю, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і сьлядоў прыглядаліся.

Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць нашлася. (Да Сьцяпана). Што ты там круціш у руках?

Сьцяпан [тыкаючы фатаграфіяй у твар Альжбеце]. На-на, любуйся, якія прэзэнты[2] атрымлівае[3] твая дачушка

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

[Пранцісь радзіць зрабіць над партрэтам Якіма Сарокі: „суд правы і скоры“].

Паўлінка [падходзячы да маці, ласкава]. Мамачка, адбярэце яе[4] ў таткі.

Альжбета. Што я з ім, дзеткі зраблю? Яшчэ біцца будзе.

Сьцяпан [да Пранціся] А добра, сватка, кажаш, зробім суд перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

Пранцісь. А такі, пане добрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясьці. Собственно, інквізытарскі[5] суд зрабіць — папалавіне — шась! і гатова, вось-цо-да.

Паўлінка [кідаючыся к Сьцяпану і цалуючы яму рукі, праз сьлёзы]. Татачка, аддайце. Ня зьдзекуйцеся над ім!.. Ён-жа вам нічога благога не зрабіў.

Сьцяпан [са злосьцю]. Спаць пашла, калі гэткага нашла! Спаць! [Рве фатаграфію].

Паўлінка [з плачам апускаючыся на лаву]. Татка згубіць мяне хочаце… гвалтам з хаты выгнаць!

Пранцісь [дастаючы пляжку]. А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо-да. [П’е].

Паўлінка [ўсхапіўшыся з лавы, кідаецца к Пранцісю]. Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, каторага і падноскаў ня варт! [Вырываючы і разьбіваючы аб зямлю пляжку]. Вось-цо-да!

Пранцісь [разьвесіўшы рукі, зьдзіўлены, як і ўсе]. О-о-о!!

Заслона.

Канец першага акту.

  1. Слова, выказваючае ганебнасьць, гіцаль — той, што ловіць сабакі.
  2. Лац. — падарункі.
  3. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  4. Фатаграфію.
  5. Значыць — найстражэйшы, як суд інквізыцыі ў сярэднія вякі, які судзіў за веру.