Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ДРУГІ.

Тая-ж самая, што ў першым акце, сьвятліца. За сталом сядзяць: Сьцяпан, Альжбета і госьці — тры хлапцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанкі — з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзяцюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі хлеба. З левага боку [гледзячы ад публікі пры сьцяне ад бакоўкі — сядзяць два музыкі і зводзяць струмэнты, сьціха перагаварваюца між сабою. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся пасьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніўшыся; час-ад-часу ўздыхае і ня-ў-знак паглядае ў вакно; стараецца з усімі быць вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона — Паўлінка нясе гарбату.

Зьява І-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — госьці — музыкі.

Паўлінка [стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам]. Што-ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака ?

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, не бядуй. Ня будзе Гіршы, будзе чорт іншы.

Паўлінка. [насьмешліва]. Мала што будзе… Але-ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць к гэтаму Бык… Бычку… Ах, як яго?…

Сьцяпан [з націскам]. Быкоўскаму.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

[Паўлінка частуе часьцей гарбатаю, тыя дзякуюць, перакідаючыся лёгкаю гутаркай, нарэшце адзін з гасьцей заводзіць гутарку аб Якіму Сароцы].

Адзін з гасьцей. Штось сягоньня на кірмашы Якіма Сарокі ня было. А то, бывала, такім франтам пахаджвае, што куды мяне не вядзеш, пусьці мяне к чорту.

Паўлінка [стаўляючы гарбату]. А пану Банадысю зайздрасьць, што так прыдзецца не патрапіш, хоць мо’ і маеш за што?

Госьць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

Паўлінка [садзячыся на ложку]. І працэньцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

Госьць [самадавольна]. Хе-хе-хе! А паньне Паўлінцы злосьць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму егамосьці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў?

Паўлінка. Вельмі-ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасьць паехаць на вучыцельскія курсы. Цяпер нічые ласкі не патрабуе.

Адна з госьцяў. Пэўне, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

Сьцяпан [прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы]. Каханенькія-родненькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманеце аб ім, ці не гаманеце — ўсё роўна нічога ня выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

Паўлінка [неспакойна]. Якую дарогу?

Сьцяпан. А ты, каханенькая-родненькая, ня слухай, вушы разьвесіўшы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі ў носе, і скончылося.