халоднасьці ў душы чытача. Гэтая сіла зусім гарманюе з характарам творчасьці нашага поэта. Купала пераважна поэт-будзіцель, званар, прарок. Гэта разам вызначыла яму месца павадыра маладых беларускіх поэтаў, а потым — і ўсяе беларускае інтэлігенцыі. Яго словы робяцца законам для гэтае інтэлігенцыі і то амаль — бяз розьніцы кірункаў.
Купала выступае на літэратурную ніву сьпярша толькі, як селянін. А. Навіна кажа: „Можна з пэўнасьцю сказаць, што пачатак творчасьці Купалы — зусім самабытны, ня зьвязаны з… рухам. Купала пісаў свае вершы незалежна ад ідэяў, будзіўшыхся ў беларускім грамадзянстве“…
З першага верша „Мужык“, надрукованага ў рас. газэце: „Сѣверо-Западный Край“[1] праз вершы, друкаваныя ў „Н. Ніве“ і зборніку „Жалейцы“, Купала — амаль што толькі селянін. Нават і верш яго тут — чуць не народная песьня. Ён выстаўляе думкі селяніна аратага, жнеяў, касца, пастуха, ён горды сваім імем мужыка; сьвядомы вялікай ролі карміцеля сьвету, хоча разам з ім „людзьмі звацца“. Часта плача „аб нядолі яго“. Сам — „не поэта“ — „просты з вёскі“.
Гэта першая пара яго творчасьці. Той-жа крытык зазначае, што з зборніка „Нuślar“ „усё ярчэй пачынае выступаць індывідуальнасьць яго: ён ужо ня зьліваецца з тэй сярмяжнай народнай масай… а даходзіць сьвядомасьці свайго я і глядзіць на ўсё навакол іншымі вачыма“[2]. Поэт ужо — сьведамы, што ён — „Гусьляр“, ён ў далейшым аддаецца чыстай музыцы гукаў (русалчыны песьні ў „Сьне на Кургане“), апрацоўвае легенды, апявае красу прыроды („Песьня сонцу“); верш яго адшліфоўваецца…
Можна сказаць што гэная перамена ўжо чутна ад верша „Пры скаціне“ ў „Жалейцы“.
„У апошнім пэрыядзе творчасьці Купала дае яркае выражэньне тым думкам і ідэалам, якія родзяцца ў душы толькі што збуджанага ад векавога сну беларускага народу. Купала — адзін з найбольш яркіх ідэолёгаў беларускага адраджэньня“[3]. Тут выступае наперад — бацькаўшчына; яна, хварэньне за яе лёс і будучыню, замілаваньне ў яе мінуласьці, абарона яе перад ворагамі, кліч, часамі гнеўны трубны кліч аб уставаньні — вось тэмы вершаў Купалы прыблізна ад выхаду ў сьвет зборніка „Шляхам жыцьця“.
Скажам далей, што Купала з песьняра сялянскага паступова перарабляецца ў поэта — ідэолёга адраджэнскай беларускай інтэлігенцыі, выйшаўшай з сялянскае гушчы, тае інтэлігенцыі, якая не парывае яшчэ рэзка з сваімі бацькамі пад саломенай стрэхай, але ўжо мае і свае асаблівыя жаданьні. Гэтае злучэньне сялянскіх імкненьняў і імкненьняў народніцкай, сялянскай інтэлігенцыі стаўляе Купалу на месца агульна-нацыянальнага песьняра, як правільна кажа Навіна. Спачатку ў Купалы беларус — гэта селянін. Адраджэньне беларуса — гэта адраджэньне беларускага селяніна. Гэта яго ён хоча зрабіць чалавекам. Хаця гэты мамэнт цягнецца амаль да самага канца творчасьці, усё-ж у апошніх творах ён губляецца. Скажам: ён у апошні час ёсьць переважна ідэолёг беларускай адроджанай інтэлігенцыі. І гэтым застаўся да апошніх дзён і ў зборніку „Спадчына“ і ў зборн. „Безназоўнае“, вельмі характарным ужо па самым загалоўку.
Купала радзіўся 25 чэрвеня 1882 г у фальв. Вязынка, недалёка ад Радашкавіч. Ён паходзіць з дробнае шляхты. Вучыўся ў народным вучылічшы с. Сеньніца, але далей бацька ня пусьціў. Памагаў бацьку і служыў у браварох памочнікам вінакура. Пераехаў у Вільню і працаваў у