Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пранцісь. Глупства, пане добрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып’ем па місцы. [Дастае з баковай кішані пляшку, пацягвае з яе і хавае назад].

Альжбета [сьмяючыся]. А каб гэта нам, сваток, даў гэтай сусолкі пассаць. Ці ж мы з свацьцяй паскрэбні?..

Паўлінка [выходзячы з чарапкамі]. Ого! Гэтых сьвянцоных[1] кропель дзядзька і канаючаму ня даў-бы, ня то што… [Выходзіць].

Зьява VIII-ая.

[Праходзіць пры дзеяньні тых самых асобаў толькі без Паўлінкі, аб якой, нарэшце, ідзе паміж старымі гутарка. Бацька яе [Сьцяпан] жаліцца]:

„А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі…

Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла-б, пане добрудзею.

Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладзьдзю. Пашло такое распуства на сьвеце, што ня дай Божа! Заместа кніжак да набажэнства чытаюць нейкія дрындушкі… [Гэтак кажа Паўлінчына маці аб кніжках, якія дае ёй чытаць настаўнік Якім Сарока].

[У IX зьяве, уваходзіць Паўлінка і, пасьля некалькіх словаў да свае маці, гутарыць з Агатай. Альжбета вышла].

Зьява Х-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Пранцісь — Агата.

Сьцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… [Да Паўлінкі]. Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоньня падмазваў?

Паўлінка. А скуль-жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

Сьцяпан. Ну, гэты-ж?.. каб ён цяміўся… як яго… зяць! зяць!

Паўлінка. [прыпамінаючы]. Як-жа ён, як? Здаецца, Бык… Бычок…

Сьцяпан. Ага, ён, ён. Не, ня так! Быкоўскі, каханенькая-родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. [Да Пранціся]. Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца к маей Паўлінцы. Што ты на гэта?

Пранцісь [дастаючы гарэлкі]. Глупства, глупства, пане добрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, і больш нічога. [П’ець і дае гарэлкі Сьцяпану].

Сьцяпан (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. А ну-ж, каханенькі-родненькі, можа які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі…

[Зьява канчаецца на тым, што абодва яны выходзяць, хістаючыся ад п’янасьці, каб паглядзець, ці Пранцісёў конь добра прывязаны. Напяваюць пры гэтым]:

Чаму-ж нам ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?

  1. Полён. — сьвечаных.