Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Альжбета [ядучы, да Сьцяпана]. Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

Паўлінка. Татка ведаеш не сягоньня, за каго я толькі пайду, або за нікога.

Сьцяпан [зьмяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол]. Што?.. За каго?..

Паўлінка [устаючы і ідучы к ложку]. За каго? — За Якіма.

Сьцяпан [стукаючы кулаком па стале]. Маўчы, гадаўка. Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і званьня ня было ў маёй хаце, каб яго імені я ня чуў ніколі… гэтага недавярка[1], гэтага… гэтага забастоўшчыка. Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая-родченькая.

Паўлінка (з дасадай). Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і ня робіць.

Сьцяпан [закурваючы са злосьцю люльку]. А чорт яго бяры, ня тут успамінаючы, — рабіў, ці не рабіў. Знаць і ведаць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

Альжбета. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала.

Паўлінка [кінуўшы на ложак шыцьцё і ідучы к сталу]. А даўно гэта тутка сам з ім цалаваўся?

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, ня лезь у вочы. А не, то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю. [Паўлінка ідзе з міскай к дзьверам; неўспадзеўкі дзьверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п’яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім — яго жонка. Пранцісь наўмысьле выбівае міску ў Паўлінкі].

Паўлінка. Ай? Што-ж гэта дзядзька зрабілі?..

Зьява VII-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

Пранцісь. Глупства, глупства, пане добрудзею. Пахвалёны Езус! Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да[2].

Сьцяпан і Альжбета. Навекі…

Альжбета. А мае-ж вы родненькія! Ці-ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца-ж, раней за нас выехалі?

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане добрудзею.

Агата. Тудэма-сюдэма, ці-ж гэты мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ён-жа, як рызьнік[3], то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

Пранцісь. Пане добрудзею, тваё бабскае дзела — маўчаць. Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю[4], што і як раблю.

Альжбета. Ды садзецеся-ж, мае міленькія!

Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца? Ноч на двары, кабыла за плотам, поўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ня вытрываў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. [Садзіцца, а за ёю й другія].

Сьцяпан. Э, што там такое! Высьпімся! Дзякуй Богу, ночка не Пятровая, а Пакровая.

Паўлінка [падбіраючы чарапкі]. Заўтра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіў.

  1. Пол. — няверца, паганца.
  2. Прыгаворка Пранціся, уласьцівая яму — уласьне… вось-што.
  3. Абадранец.
  4. Рус. — разумею.