Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Альжбета. Э-э. Я думала, хто там… Ажно нічога людзкага. Толькі езьдзе ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам — дык голы, як бізун.

Сьцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая-родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто разоў лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. „На гэтым-жа кані, — кажа, — заўтра к васпанству[1] заедуся з кірмашу“. [Мацаецца па кішэнях сам сабе]. Ты, баба, ня бачыла кніжкі, што я купіў сягоньня? Дзе яна прапала?

Альжбета. А што я — пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў можа з гэтым сваім зяцем.

Сьцяпан [ідзе к куфру, находзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фотографію]. Каханенькая-родненькая, ня думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і ўсё такое…

Зьява VI-я.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

Паўлінка [уваходзячы з міскай, з лыжкамі і з хлебам пад пахай]. Аб кім гэта татка гаворыце, што мае ўсякую далікатнасьць і ўсё такое? [Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцьцё].

Сьцяпан [ядучы]. Вельмі васпанна цікавая. Скора састарышся, каханенькая-родненькая, як усё будзеш ведаць.

Паўлінка [просячы]. Скажэце, скажэце, татачка.

Сьцяпан. Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала. Калі ўжо табе, каханенькая-родненькая, так хочацца, дык скажу. [З павагай]. Знакам тым, гэты паніч з далікатнасьцяй і з усякім такім — мой зяць.

Паўлінка [пырснуўшы сьмехам]. Зяць…

Сьцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

Паўлінка. А як-жа годнасьць гэтага… гэтага, ну, як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?

Альжбета. Ды гэты-ж, гэты… Ты пэўне яго бачыла некалі… Адольф Быкоўшчык.

Сьцяпан. Але, але. Пан Адольф Быкоўскі.

[Паўлінка жартуе з бацькавай гутаркі, добра разумеючы, што яна толькі адна дачка ў яго, і кажа бацьку, што хіба сам ён з ім ажэніцца, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця].

Сьцяпан. А ты што? Зломак?

Паўлінка. Зломак — ня зломак, але і за ламаку не пайду.

Сьцяпан. А дзяга на што?

Паўлінка. На ўсё, толькі не на паганяку к замуству.

Сьцяпан. Каханенькая- родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.

  1. Форма звароту — Вы, пан, шаноўны пан, Ваша міласьць.