Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьява IV-я.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

Сьцяпан [п’янаваты, уваходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае]:

Дзе мы едзем, дзе мы йдзём,
Карчмы ня мінаем;
Дзе заедзем, дзе зайдзём, —
Там і пагуляем.

Альжбета [кладучы пакупкі на куфар, да Сьцяпана]: Не сьмяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць.

Сьцяпан. Маўчы, баба… Ты, каханенькая-родненькая, нічога не разьбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. [Прыпявае]:

Ой, там на гарэ
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
„Запражы-ж ты мяне“…
...........

Паўлінка. Тата! Ды кіньце ўжо… Ось, лепей разьдзявайцеся, ды можа чаго зьясьцё.

Сьцяпан. А можа гэта і добра, каханенькая-родненькая… Каб так кіслай ды гарачай капусты… [скідае апратку і кладзе на куфар].

Скіну бурку, скіну боты,
Ды надзену лапці;
Кожны дурань, ці разумны —
Пан у сваёй хаце.

Паўлінка. [Садзіцца за стол, кінуўшы шыцьцё на ложак, да Альжбеты]: Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу чаго вам зьесьці. [Выходзіць]

Зьява V-ая.

Сьцяпан — Альжбета

Альжбета [дастаючы настольнік з куфра]. З кім ты гэтак намурзаўся?

Сьцяпан [закурваючы люльку]. Я і з тым, я з сім, а ты, каханенькая-родненькая, згадай з кім.

Альжбета. А немач цябе ведае, з кім.

Сьцяпан. Ці-ж я не казаў, што ў цябе тут [торкаючы сабе пальцам у лоб] ня ўсе дома? Але слухай: 3 зяцем.

Альжбета [зьдзівіўшыся]. З зяцем?..

Сьцяпан. Так, так, каханенькая-родненькая. Хто з сватам, хто з свацьцяй, а як Сьцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.

Альжбета [накрываючы стол]. Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзе[1]. Калі-ж ты ўсьпеў яго нажыць… Дачка яшчэ замуж ня вышла, а бацька ўжо зяця мае.

Сьцяпан. Калі ня маю цяпер, дык буду мець у чацьвер…

Альжбета [садзіцца]. Так-бы і казаў адразу. А хто-ж гэта такі?

Сьцяпан. Адольф Быкоўскі.

  1. Правільна — зводзіць, значыць адурвае.