Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


Калі-ж праглянеш ты, народзе. —
Арліным лётам узьляціш?
Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?…
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў,[1] зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць адлучаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш,
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?

Падарожныя (падходзячы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

Незнаёмы

Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор’ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё, як нож;
А можа трапім ёю ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…

Падарожныя.

Што ты? Ці-ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей?

Незнаёмы.

О не, крый Божа! Ось з няўцёку[2]
Зьляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,
Ну, і паднесла бедака…
Хто я і скуль — для вас цікава —
О, не вялікі гэта цуд:[3]
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спынуўся тут.
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка — ўсё багацьце,
Ды гоняў двойчы — ўсей зямлі.
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі зусім;
Сам з часам кніжны лад асіліў
І толк у ім даваў другім.

  1. Насыпаў.
  2. Незнарок, само сабою.
  3. цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.