І мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца[1] стала мне;
Я ёю думкі ўсе апутаў:
Ня знаў — на яве я, ці ў сьне.
Цямноты ўсю паняў[2] няздарнасьць,
Я сілу знаньня ўсю паняў;
Свайго жыцьця я відзеў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзьняў.
Але ня суджана было мне
Душой бяз часу загавець,
І сам ня знаю ўжо сягоньня —
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там ня жалімся на лёс.
Штораз зваднейшыя[3] ўсё леты,
Штораз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у сьвет — бацькі мне сьветам,
А хата мне — астрожны склеп.
Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы[4] год.
Аж бацьку гора з ног зваліла, —
Пашоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры.
Пашло няшчасьце за няшчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш — сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку[5] службы я пазнаў,
Усьлед мая шла бяспрытоннасьць,[6]
З ёй вецер песьні напяваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
...............
Іду… Куды ісьці сягоньня?
Аднэй няма, а шмат дарог…
|