Бунтарскае грымнула слова
Аж ад аковаў.
Скаваная сіла паўстала
Бурай, навалай…
Надзелі чырвоныя кветкі
Нашы палеткі.
Во’, як пачалося у нас ціха
Тое ўсё ліха,
Што на’т беларускія межы
Ўсталі з залежы
Масты старыя спалены —
Старыя ланцугі;
Паложаны падваліны
Пад новыя сьцягі.
Узводзіцца будыніна
На іншы склад і лад…
Вароты не зачынены:
Прыходзь і кум і сват.
Ідуць, ідуць з аглядкаю,
Варожаць варажбу:
Ці доўга так пасьвяткуе
Той лад сваю сяўбу?
Яшчэ ня дрэмле чорнае
Ў закутках груганьнё,
І душы непакорныя
Сачыць, як воўк ягнё.
Мяркуюць так і раюцца[1],
Ідучы сват і кум…
Ніхто не дакапаецца
Да іхніх слоў і дум.
Ой, крыўда чалавечая,
Вякамі ты расла,
Пажарамі і мечамі
Паслася, як магла.
Калі-ж ты забабонамі
Пакінеш нас карміць,
Над роднымі загонамі
Пятлю крутую віць?!
Было яно калісьці
Калі, як жоўталісьце,
Жылі мы — ня жылі;
Ішлі дні без карысьці,
І сорам было выйсьці
У сьвет з свае зямлі.
Гнаў лісьце злосны вецер
Па полі, па ўсім сьвеце,
За вёску, за сяло;
На нас ляцела сьмецьце,
Бязладзьдзе, беспрасьвецьце.
Пятлю віло сіло.
І гэтакая слава,
Як пошасьці праява,
Буяла па людзях,
Пакуль жыцьцё ласкавай
Усьмешкай і забавай
Не асьвяціла шлях.
Забліскацелі лужы,
Бяда зьвілася вужам…
Ідзе, — крычаць, — вястун!..
І ўзьняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы —
Як помста, як пярун.
Ад воклічу прарока
Схіснулася памрока,
Сьцяг падняла вясна,
І па зямлі шырокай,
Як можа зьмерыць вока,
Пабегла навіна.
Сяляны і сялянкі!
Цацанкі-абяцанкі[2]
Збываюцца для вас;
Выходзьце на палянкі,
Як зоры, як заранкі,
І сейце ў добры час.
Лявоніха… мяцеліца…
Бяз памяці вяселяцца…
— Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!
Аколіца-аселіца
Пад ногі сонцам сьцелецца…
Збудзіўся гаспадар!..
|